Фотавыстава «Геаграфія душы», прысвечаная памяці педагога, навукоўца, географа, аўтара першых беларускіх школьных падручнікаў па прыродазнаўству Пятра Лярскага, адкрылася ў МДУ імя А. А. Куляшова.
Аўтар выставы - вядомы фотамастак Аляксандр Ліцін. Усяго ў экспазіцыі - 37 работ, якія адлюстроўваюць розныя маляўнічыя куткі Прыдняпроўскага краю.
Па словах прафесара кафедры прыродазнаўства Ігара Шарухі, гэтых людзей звязала даўняе і моцнае сяброўства. Менавіта Аляксандр Ліцін афармляў ілюстрацыямі адно з апошніх даследаванняў навукоўца, прысвечанае прыродзе Магілёўскай вобласці. «Пётр Лярскі меў чорна-белыя фотаздымкі прыблізна 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Аляксандр Ліцін здолеў адлюстраваць тыя самыя мясціны, толькі ўжо ў каляровым фармаце і праз 40 з лішнім гадоў», - адзначыў Ігар Шаруха.
Адкрываючы выставу, рэктар універсітэта, прафесар Дзяніс Дук адзначыў вялікі ўнёсак, які зрабіў Пётр Лярскі ў развіццё адукацыі і навукі нашай краіны. Таксама ён павіншаваў прысутных на мерапрыемстве з адкрыццём Тыдня Пятра Лярскага.
Сын навукоўца Сяргей Лярскі, заўважыў: «Гэта выстава - плён дзейнасці выдатнага мастака. Гледзячы на работы, пазнаю родныя мясціны нашай вёскі ў Чавускім раёне. Тыя самыя азёры, рэчкі. Што ж да фотаздымка пад назваю «Люцынка. Валожынскі раён», то, на мой погляд, гэта сапраўдны жывапіс, гімн нашаму наваколлю».
Надзвычай каштоўныя звесткі пра Пятра Лярскага распавёў кандыдат гістарычных навук, дацэнт Аляксандр Агееў. На яго думку, беларуская прырода не такая кідкая, як, напрыклад, швейцарская, таму да фотаздымкаў, якія прэзентаваныя ў 201-й аўдыторыі, трэба прыглядацца, заўважаючы тое, што ў свой час зачаравала і навукоўца, і фотамастака.
Адзначым, што адкрыццё выставы не адзінае мерапрыемства ў межах Тыдня Пятра Лярскага. 18 студзеня на базе абласной бібліятэкі імя У. Леніна адбудзецца вечар памяці навукоўца. Пачатак мерапрыемства – 18.00. Кульмінацыяй Тыдня зробіцца адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар 100-годдзя з дня нараджэння выдатнага географа (па адрасе: вул. Першамайская, 44. Пачатак - 12:00).
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 14:27
Магілёўскі абласны драматычны тэатр 25 і 26 жніўня прадставіць прэм’еру спектакля «Гэта ўсё яна»
20.08.2020 - 10:25
Арт-праект «Мастацтва XXI стагоддзя без маскі» адкрыўся ў Магілёве
13.08.2020 - 11:43
Тэатр паэзіі Мінскага гарадскога аддзялення СПБ адкрые чарговы сезон на свяце ў Бялынічах
12.08.2020 - 14:34
23.07.2020 - 11:21
23.07.2020 - 11:07