Рус Бел Eng 中文

На сусветным рынку гісторыка-культурных каштоўнасцяў шмат цікавых для Беларусі артэфактаў – дырэктар Музея гісторыі Магілёва

На сусветным рынку гісторыка-культурных каштоўнасцяў шмат артэфактаў, цікавых для Беларусі. Такое меркаванне выказаў на круглым стале ў прэс-цэнтры БЕЛТА дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.

Канкрэтна для Магілёва ўяўляюць цікавасць гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія рэпрэзэнтуюць мясцовую школу гравюры, іканапісу, кнігадрукавання. Музей гісторыі Магілёва актыўна займаецца пошукам, дзякуючы падтрымцы гарвыканкама, практычна штогод папаўняе калекцыю.

Адзін з апошніх набыткаў музея – кніга «Апостал» Спірыдона Собаля, якую грамадскасці прадставілі ў канцы лістапада мінулага года. Фаліянт 1632 года выдання набыты ў прыватнага калекцыянера адной з краін Еўропы пры ўдзеле вялікай колькасці людзей. На рэалізацыю праекта спатрэбілася каля пяці гадоў. Кніга выдадзена ў друкарні Куцеінскага або Буйніцкага манастыроў. У калекцыю старадаўніх кніг Музея гісторыі Магілёва таксама ўваходзяць Статут ВКЛ 1588 года, «Часоўнік» 1773 года, «Псалтыр», выдадзены ў 1733 годзе, іншыя рэдкія старажытныя кнігі.

Акрамя таго, фонды музея папаўняюцца за кошт дапамогі мецэнатаў. Напрыклад, у 2017 годзе перададзена калекцыя артэфактаў, у якую ўваходзіць манетападобная падвеска, якая зяўляецца рэплікай срэбраніка Яраслава Мудрага і датуецца прыблізна пачаткам XI стагоддзя, яшчэ некалькі археалагічных артэфактаў. Яны былі перададзены музею мецэнатам Валерыем Казаковым, які даўно і шмат супрацоўнічае з магілёўцамі, дапамагае набываць артэфакты.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая