У Бабруйску сёння прайшла цырымонія адкрыцця дзіцячага дома сямейнага тыпу. Ключы ад новага камфартабельнага жылля атрымала шматдзетная сям’я Наталлі і Дзмітрыя Макаранкаў, паведамілі ва ўпраўленні адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел губернатар Уладзімір Даманеўскі, старшыня Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў.

Як адзначыў Уладзімір Даманеўскі, гэта адкрыццё мае важнае значэнне для Бабруйска, вобласці і краіны ў цэлым. Дзяржавай надаецца вялікая ўвага інстытуту сям’і і асабліва дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў. Асноўнай мэтай дзейнасці па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей з’яўляецца забеспячэнне права дзіцяці на жыццё і выхаванне ў сям’і, захаванне роднай сям’і для максімальна большай колькасці непаўналетніх.

«Няхай гэта будзе сям’я родная або прыёмная, але дзіця павінна адчуваць блізкае плячо дарослага чалавека, бацькоўскае цяпло. Таму ў рэгіёне і краіне ў цэлым рэалізуецца праграма па будаўніцтве такіх дамоў сямейнага тыпу, каб адысці ад буйных інтэрнатных устаноў. У вобласці на сённяшні дзень 85% дзяцей вызначаны на сямейныя формы ўладкавання, з іх 377 дзяцей выхоўваюцца ў 56 дамах сямейнага тыпу», – сказаў губернатар.

Ён выказаў словы асаблівай удзячнасці прыёмным бацькам за тое, што яны займаюцца такой сур’ёзнай дзяржаўнай справай, пажадаў сям’і Макаранкаў дабрабыту, узаемаразумення і поспеху ва ўсіх справах. Уладзімір Даманеўскі ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў ім ключы ад новага дома і перадаў у падарунак ад аблвыканкама бытавую тэхніку і мэблю. Ад Бабруйскага гарвыканкама сям’я атрымала набор корпуснай мэблі, а дзеці – прысмакі.

Новы дом уяўляе сабой двухпавярховы катэдж. Тут маецца 5 спальняў, гульнявая зала, вялікая ўтульная гасцёўня, кухня, камфортны ванны пакой і тры санвузлы. Праектам таксама прадугледжаны гараж для аўтамабіля.

Сям’я Макаранкаў займаецца выхаваннем прыёмных дзяцей з 2012 года. За гэты час пуцёўку ў жыццё атрымалі шэсць хлопчыкаў і дзяўчынак. Зараз у сям’і выхоўваецца 9 прыёмных дзяцей і двое сваіх.
Фотаздымкі - Бабруйскі гарвыканкам
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59