Рус Бел Eng 中文

Занальныя прагляды абласнога агляду-конкурсу «Не старэюць душой ветэраны» адбудуцца ў Кіраўску, Крычаве і Магілёве

Занальныя прагляды абласнога агляду-конкурсу XIV рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны» адбудуцца 6-9 лютага. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы.

У адборачных мерапрыемствах прымуць удзел калектывы, індывідуальныя выканаўцы ўстаноў адукацыі і культуры, у тым ліку ведамасных прафсаюзных, прафкамаў прадпрыемстваў усіх раёнаў Прыдняпроўскага краю, а таксама Бабруйска і Магілёва. Творчае спаборніцтва будзе праводзіцца па шасці намінацыях: вакальна-харавое, музычна-інструментальнае, харэаграфічнае, тэатральнае, дэкаратыўна-прыкладное і выяўленчае мастацтва, сольнае выкананне.

Першы занальны прагляд пройдзе 6 лютага ў Кіраўску на базе раённага Цэнтра культуры і вольнага часу. Сюды прыедуць канкурсанты з Бабруйска, Бабруйскага, Глускага, Кіраўскага, Клічаўскага, Асіповіцкага раёнаў. Другі 8 лютага збярэ ўдзельнікаў з Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Крычаўскага, Мсціслаўскага, Хоцімскага, Чэрыкаўскага раёнаў у Крычаўскім раённым Цэнтры культуры. 9 лютага калектывы мастацкай творчасці і індывідуальныя выканаўцы Магілёва, Бялыніцкага, Быхаўскага, Горацкага, Дрыбінскага, Круглянскага, Магілёўскага, Слаўгарадскага, Чавускага, Шклоўскага раёнаў прыедуць у горад на Дняпры. Канцэртныя нумары будуць гучаць са сцэны абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы.

Заключнае мерапрыемства абласнога агляду-конкурсу плануецца правесці 16 сакавіка ў Бялынічах. Пераможцы рэгіянальнага спаборніцтва прадставяць Прыдняпроўскі край у фінале, які пройдзе ў Мінску 3-4 мая.

Фестываль «Не старэюць душой ветэраны» накіраваны на папулярызацыю традыцый народнай творчасці, павышэнне ўзроўню выканальніцкага майстэрства і сцэнічнай культуры ветэранскіх аматарскіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў. Мэтай конкурсу з’яўляецца не толькі стварэнне ўмоў для самарэалізацыі і актыўнага адпачынку ветэранаў, але і героіка-патрыятычнае выхаванне моладзі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая