Рус Бел Eng 中文

Уладзімір Даманеўскі: Пункт апоры ва ўмацаванні і развіцці беларуска-расійскага супрацоўніцтва – рэгіянальнае партнёрства

Рэгіянальнае партнёрства з’яўляецца пунктам апоры ва ўмацаванні і развіцці беларуска-расійскага супрацоўніцтва. На гэта звярнуў увагу старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі сёння падчас сустрэчы з дэлегацыямi з рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, якія прымаюць удзел ва ўрачыстасцях з нагоды 80-годдзя вобласці.

Гасцямі святочных мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею рэгіёна, сталі прадстаўнікі Бранскай і Ленінградскай абласцей, а таксама Масквы. Губернатар падзякаваў ім за візіт, заўважыўшы, што ў зале аблвыканкама сабраліся не проста партнёры Магілёўшчыны, з якімі на працягу многіх гадоў развіваецца супрацоўніцтва па ўсіх напрамках, але і добрыя сябры.

Уладзімір Даманеўскі падкрэсліў, што на працягу апошніх двух гадоў у рэгіёне адзначаецца рост прамысловай вытворчасці, аднаўляюцца кааперацыйныя сувязі і партнёрскія адносіны, актыўна пашыраецца геаграфія таварных паставак. Аднак асноўным партнёрам Прыдняпроўскага краю застаецца Расійская Федэрацыя і яе рэгіёны. Сюды актыўна экспартуюцца прадукцыя машынабудавання, прадукты харчавання. У той жа час з 300 замежных прадпрыемстваў і арганізацый, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць на тэрыторыі Магілёўшчыны, 60 – з расійскім капіталам. Яны паспяхова развіваюцца і прадаюць прадукцыю не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

Уладзімір Даманеўскі таксама зрабіў акцэнт на тым, што ў вобласці асаблівую ўвагу надаюць сферы аховы здароўя, паколькі частка тэрыторыі рэгіёна апынулася пад уздзеяннем наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Таму захаванне і падтрыманне здароўя жыхароў Магілёўшчыны патрабуе прыняцця дадатковых кіраўнічых рашэнняў, звязаных з умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцынскіх устаноў. Не менш значная і галіна адукацыі: адкрываюцца сучасныя новыя школы і дзіцячыя сады.

Гаворачы аб супрацоўніцтве з расійскімі рэгіёнамі, губернатар адзначыў узмацненне партнёрскіх адносін з Ленінградскай вобласцю – узаемныя візіты сталі часцейшымі, а паказчыкі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва выраслі. У сваю чаргу намеснік старшыні урада Ленінградскай вобласці Алег Малашчанка сказаў, што з Прыдняпроўскім краем дружба мацнее па ўсіх напрамках, а ўзаемадзеянне эканомік рэгіёнаў рухаецца ў станоўчым ключы. Праводзяцца сумесныя культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, набіраюць абароты кантакты ў сферы медыцыны. Суседзі зацікаўлены ў абмене вопытам па развіцці сельскагаспадарчых напрамкаў: атрымання добрай ураджайнасці збожжавых, закупцы насення, тэхнікі.

Дужыя адносіны склаліся ў Прыдняпроўскага краю і з Масквой, якая займае другое месца сярод рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі па долі экспарту тавараў нашай вобласці. Як адзначыла намеснік прэфекта Усходняй адміністрацыйнай акругі горада Масквы Ірына Кузняцова, Магілёў стаў надзейным партнёрам як у эканамічнай, так і сацыяльнай сферы. За час супрацоўніцтва, якое ўстаноўлена з гарвыканкамам у 1997 годзе, рэалізавана мноства цікавых праектаў. Нямала задумак на будучыню. Так, ёсць ідэя ўслед за маскоўскім панадворкам, які ўжо шмат гадоў радуе дзятву горада на Дняпры, зрабіць тэматычны маскоўскі пад’езд.

У якасці перспектыўных напрамкаў для супрацоўніцтва Уладзімір Даманеўскі назваў магчымасць закупкі расійскімі рэгіёнамі дарожнай, камунальнай тэхнікі, што вырабляецца магілёўскімі прадпрыемствамі. Нашы будаўнікі маглі б прымаць актыўны ўдзел у праграмах рэнавацыі жылля суседняй дзяржавы, а «Магілёўліфтмаш» – пастаўляць ліфты для замены абсталявання, якое адпрацавала нарматыўны тэрмін службы, і ўстаноўкі ў новыя будынкі.

Уладзімір Даманеўскі нагадаў, што ў гэтым годзе Магілёўшчына будзе гаспадыняй пятага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Яго правядзенне запланавана на 26-28 верасня адразу на трох пляцоўках – у Магілёве, Шклове і Горках. Рэгіён да мерапрыемства рыхтуецца сур’ёзна. Ёсць і акцэнты, на якія, на думку губернатара, варта звярнуць увагу падчас правядзення чарговага пасяджэння арганізацыйнага камітэта форуму. «Хацелася б, каб падчас юбілейнага дыялогу былі прааналізаваны вынікі рашэнняў, прынятых на папярэдніх форумах дзвюх краін, праведзена своеасаблівая інспекцыя зробленага, – падкрэсліў губернатар. – Важна абагульніць і, магчыма, зрушыць вектары супрацоўніцтва, зразумеўшы, дзе і ў якіх напрамках мы больш патрэбны адзін аднаму. Асаблівая тэма – уніфікацыя агульнага заканадаўства». Акрамя таго, Уладзімір Даманеўскі ўпэўнены, што пункт апоры ва ўмацаванні партнёрскіх адносін трэба шукаць на ўзроўні рэгіёнаў. Менавіта тут перспектыўна ствараць пляцоўкі для развіцця кааперацыйных сувязей.

На заканчэнне сустрэчы губернатар запрасіў расіян прыняць удзел у X Міжнародным інвестыцыйным форуме «Млын поспеху». Мерапрыемства пройдзе ў Магілёве 29-30 чэрвеня 2018 года. Гэта вялікая пляцоўка для пошуку партнёраў, якая у мінулым годзе сабрала бізнесменаў больш чым з 40 краін трох кантынентаў.

Расійскія дэлегацыі чакае насычаная праграма знаходжання на тэрыторыі вобласці з наведваннем прамысловых прадпрыемстваў, аб’ектаў сацыяльнай сферы, перагаворы, дзелавыя сустрэчы, знаёмства з выдатнымі мясцінамі рэгіёна і Магілёва. Дэлегацыі таксама прымуць удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным 80-годдзю вобласці.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая