Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 80-годдзю з дня ўтварэння Магілёўскай вобласці, адбылося 2 лютага ў Абласным цэнтры творчасці. У свяце прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, міністр аховы здароўя Валерый Малашка, старшыня Праўлення «Белкаапсаюза» Валерый Іваноў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, выбраныя ад Магілёўскай вобласці, кіраўнікі рэгіёна мінулых гадоў, рэспубліканскіх камітэтаў, арганізацый і ўстаноў, члены абласнога выканаўчага камітэта, прадстаўнікі рэгіёнаў, з якімі аблвыканкамам падпісаны і развіваюцца пагадненні аб супрацоўніцтве, дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў, прадстаўнікі духавенства, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, калектываў прадпрыемстваў, ветэранаў працы.

«Магілёўская вобласць валодае магутным патэнцыялам і добрымі перспектывамі для развіцця, – адзначыў, выступаючы на мерапрыемстве, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч. – Сёння рэгіён упэўнена глядзіць у будучыню, рэалізуючы сур’ёзныя прамысловыя і інавацыйныя праекты. Маштабная мадэрнізацыя ідзе на «Белшыне», праект па вытворчасці новых відаў тканін рэалізуецца на «Магатэкс». ААТ «Магілёўхімвалакно» будуе комплекс па вытворчасці поліэфірнай прадукцыі. І гэты пералік можна працягнуць».

За добрымі паказчыкамі работы ў мінулым годзе, станоўчай дынамікай развіцця рэгіёна стаіць вялікая праца кіраўніцтва вобласці, кіраўнікоў прадпрыемстваў і спецыялістаў рэгіёна, падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. Ён уручыў старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміру Даманеўскаму Падзяку Прэзідэнта працаўнікам Магілёўскай вобласці за значны ўклад ва ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці і ў сувязі з 80-годдзем з дня ўтварэння Магілёўскай вобласці. У сваю чаргу губернатар выказаў шчырыя словы падзякі кіраўніку дзяржавы за высокую ацэнку працы жыхароў Прыдняпроўскага краю. «Гэта вынік працы шматлікіх пакаленняў магіляўчан і, безумоўна, тых, хто знаходзіцца сёння ў зале. Багатыя працоўныя традыцыі Магілёўшчыны дазваляюць з упэўненасцю глядзець у будучыню», – падкрэсліў ён.

Разам з цёплымі словамі віншавання з юбілеем вобласці Міхаіл Мясніковіч перадаў прывітальны адрас Савета Рэспублікі, а таксама ўручыў ганаровыя граматы і падзякі заслужаным людзям вобласці. Сярод узнагароджаных – Уладзімір Даманеўскі, спецыяльны карэспандэнт інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці» Віктар Кубека, галоўны ўрач Магілёўскай дзіцячай паліклінікі Галіна Пятрова, генеральны дырэктар кампаніі «Джакей Пластык Магілёў» Святаслаў Купрыянчык і інш.
Значны ўклад Прыдняпроўскага краю ў сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны адзначыў і намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы. «Гістарычны шлях даўжынёй у 80 гадоў – для чалавека гэта шмат, а для рэгіёна мала. Але і за гэты кароткі перыяд часу ў Магілёўскай вобласці зроблена вельмі многае. І ад імя ўрада я хачу выказаць самую глыбокую падзяку тым людзям, якія адстаялі гонар нашай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аднаўлялі ў пасляваенны час народную гаспадарку, а ў перыяд найноўшай гісторыі здзейснілі высокі подзвіг, зрабіўшы брэнды вобласці брэндамі краіны», – падкрэсліў ён.

Па даручэнні прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова Міхаіл Русы перадаў Уладзіміру Даманеўскаму прывітальны адрас урада з самымі цёплымі словамі аб працаўніках Магілёўскай вобласці. Віцэ-прэм’ер павіншаваў удзельнікаў урачыстасцяў з юбілеем вобласці і таксама ўручыў заслужаным людзям рэгіёна ганаровыя граматы Савета Міністраў і падзякі прэм’ер-міністра. Сярод узнагароджаных – намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Харытончык, галоўны ўрач абласной дзіцячай бальніцы Ігар Каско, дырэктар ЗАТ «Алтымед» Анатоль Доста, мастацкі кіраўнік Магілёўскай гарадской капэлы Сяргей Лішчэнка і інш.

Віншавальныя адрасы і падарункі ў гонар юбілею вобласці Уладзіміру Даманеўскаму падчас урачыстага мерапрыемства таксама перадалі намеснік старшыні Бранскай абласной Думы Анатоль Бугаёў, намеснік губернатара Бранскай вобласці Генадзь Лемяшоў, намеснік старшыні ўрада Ленінградскай вобласці Алег Малашчанка і прэфект Усходняй адміністрацыйнай акругі горада Масквы Усевалад Цімафееў.

Акрамя таго, у адрас жыхароў Магілёўскай вобласці сёння паступала вялікая колькасць віншавальных адрасоў і тэлеграм ад сяброў. Шчырыя пажаданні рэгіёну прыляцелі ад старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзіміра Андрэйчанкі, старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Леаніда Анфімава, Міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Чорнага, Міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага, Міністра па падатках і зборах Сяргея Налівайкі, старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Аляксандра Забелы, кіраўніка «Беларусбанка» Віктара Ананіча, генеральнага дырэктара ААТ «МАЗ» – кіруючай кампаніі холдынгу «БелаўтаМАЗ»» Дзмітрыя Кацярыніча, адміністрацый Тульскай і Смаленскай абласцей Расійскай Федэрацыі, народных урадаў правінцый Хунань, Хэнань, Цзянсу, адміністрацыі Усцецкага краю Чэшскай Рэспублікі, урада аўтаномнага рэгіёна Аджарыя, урада аўтаномнага тэрытарыяльнага стварэння Гагаузія Рэспублікі Малдова.

Удзельнікі свята ўшанавалі памяць загінулых на палях бітваў, памерлых ад ран і хвароб, голаду і холаду, закатаваных у канцлагерах і гестапа, расстраляных, павешаных, спаленых жыўцом салдат і камандзіраў, партызан і падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу, мірных жыхароў акупаваных тэрыторый, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія не дажылі да нашых дзён, хвілінай маўчання. Падарункам для тых, хто сабраўся, стаў канцэрт найлепшых артыстаў і калектываў Магілёўскай вобласці.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 15:35
19.08.2020 - 15:25
18.08.2020 - 20:45
У Магілёве прайшоў мітынг у падтрымку міру, бяспекі і спакою. Відэа
18.08.2020 - 14:02
COVIND-19 і другая хваля: калі чакаць? Адказвае эпідэміёлаг Ірына Бас
17.08.2020 - 11:28
14.08.2020 - 16:43
ЦВК зацвердзіла вынікі выбараў: Прэзідэнтам выбраны Аляксандр Лукашэнка