Рус Бел Eng 中文

Народнымі абрадамі і спальваннем чучала Зімы сустрэнуць Масленіцу магіляўчане

Народнымі абрадамі і спальваннем чучала Зімы сустрэнуць магіляўчане 17 лютага Масленіцу. Масавыя гулянні пройдуць у скверы 40-годдзя Перамогі, паведаміла карэспандэнту сайта загадчык сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама Алена Мяжэніна.

Святочны настрой на цэнтральнай сцэне з 12.00 пачне ствараць Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Установа адукацыі падрыхтавала насычаную чатырохгадзінную праграму. Тут можна будзе не толькі паслухаць музычныя кампазіцыі ў выкананні навучэнцаў каледжа, але і стаць удзельнікамі тэатралізаванага прадстаўлення з абрадавымі элементамі.

Цікавай праграмай абяцае здзівіць пляцоўка «Прастаквашына», дзе размесцяцца інтэрактыўныя зоны: «Кулінарны кракадзіл», «Адгадай-ка», «Кухня». Зрабіць здымак на памяць можна будзе ў арт-інсталяцыі «Кулінарная вясна» або ў фотабудцы. Прычым фатаграфіі з апошняй жадаючым прапануюць спампаваць з сайта арганізатараў. Таксама чакаецца прэзентацыя і бясплатная дэгустацыя ласункаў. Пачастункі дапоўніць займальная гульнявая праграма для дзяцей і дарослых. Удзельнікаў чакаюць прызы і прыемныя сюрпрызы.

Не абыдзецца без румяных бліноў і страў нацыянальнай кухні. Іх можна будзе набыць у гандлёвых кропках па даступныхцэнах. Падчас свята запланаваны выстаўка-продаж вырабаў рамеснікаў, карагоды, конкурсы і розныя забавы.

Завершацца гулянні традыцыйным спальваннем 2,5-метровага чучала Зімы. «Яно стане ўвасабленнем ўсіх нячысцікаў і негатыўных эмоцый, назапашаных за год, – заключыла Алена Мяжэніна. – Спальваючы чучала, мы пазбаўляемся ад усяго дрэннага, даём дарогу добраму і светламу, абуджэнню прыроды ад зімовага сну».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая