Рус Бел Eng 中文

Ідэалагічная вертыкаль рэгіёна ў 2017 годзе працавала якасна і вынікова – Андрэй Кунцэвіч

Ідэалагічная вертыкаль рэгіёна ў мінулым годзе працавала якасна і вынікова. Такое меркаванне выказаў сёння, выступаючы на калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, намеснік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Андрэй Кунцэвіч.

Пазначаючы асноўныя напрамкі работы на 2018 год, ён у першую чаргу зрабіў акцэнт на выніках выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання. «У цэлым пры пазітыўнай ацэнцы вынікаў найважнейшай электаральнай кампаніі ў рэгіёне, нельга не звярнуць увагу, што па шэрагу выбарчых акруг умоўны кандыдат «супраць усіх» набраў каля 15% галасоў, – адзначыў Андрэй Кунцэвіч. – Падобныя вынікі павінны прымусіць задумацца мясцовыя органы ўлады над тым, што паслужыла гэтаму прычынай, як неабходна пабудаваць працу новага складу дэпутацкага корпуса, які павінен адстойваць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў на ўзроўні органаў улады, мабілізаваць людзей на вырашэнне грамадска важных задач».

Гаворачы аб рэгіянальных медыя, Андрэй Кунцэвіч заўважыў, што яны па-ранейшаму іграюць значную ролю ў інфармацыйным полі Магілёўшчыны. Пры гэтым трывожыць тэндэнцыя скарачэння падпісных тыражоў некаторых выданняў, што сведчыць аб неабходнасці перагляду асобных палажэнняў да рэдакцыйнай палітыкі.

У мінулым годзе ў Магілёўскай вобласці рэгіянальнымі СМІ была апублікавана найменшая ў краіне колькасць праблемных і крытычных матэрыялаў. «Лічу, што якасць журналісцкіх артыкулаў павінна стаць адным з асноўных крытэрыяў ацэнкі працы рэгіянальных рэдакцый у 2017 годзе, – сказаў Андрэй Кунцэвіч. – Тым больш што за станоўчым вопытам ехаць далёка не трэба. Годным прыкладам можа стаць арганізацыя дзейнасці рэдакцый у Касцюковічах, Быхаве, Бабруйску».

Закрануў у сваім выступленні намеснік старшыні і моладзевую тэму. На думку Андрэя Кунцэвіча, сёння важна развіваць эфектыўныя формы і метады моладзевай самарэалізацыі, бачыць актыўную і творчую моладзь, уцягваць яе ў працу. Да гэтага абавязвае і прысвоены Магілёву статус маладзёжнай сталіцы Беларусі. Не варта забываць і аб такой памятнай даце, як 100-годдзе Ленінскага камуністычнага саюза моладзі, вопыт і спадчына якога цяпер таксама запатрабаваны хлопцамі і дзяўчатамі.

Завяршаючы выступленне, намеснік старшыні яшчэ раз нагадаў аб значным ідэалагічным пасыле, які ляжыць у аснове аб’яўлення 2018-га года Годам малой радзімы. «....Прыйшоў час кожнаму не толькі ўзгадаць аб сваіх каранях, аб месцы, дзе засталася часцінка душы, але і аддаць доўг гэтаму кавалку зямлі. Вельмі хочацца, каб дапамога ішла ад сэрца, стала ўласнай ініцыятывай. Яна можа быць матэрыяльнай, стваральнай, асветніцкай, творчай – хто як можа і хто колькі можа. Залежыць ад магчымасцяў, фантазіі і жадання кожнага. Надышоў момант праявіць сябе і ўпісаць сваё імя ў гісторыю гэтай малой радзімы, гэтага кавалачка нашай зямлі», – працытаваў словы Прэзідэнта Беларусі Андрэй Кунцэвіч. Ён падкрэсліў важнасць напаўнення плана правядзення Года малой радзімы змястоўнымі праектамі, аб’яднання вакол гэтай тэмы людзей, для якіх Магілёўская вобласць не проста месца работы і жыхарства, а штосьці большае.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая