Рус Бел Eng 中文

Беларуска-нямецкая перасоўная выстава аб гісторыі лагера смерці «Трасцянец» адкрыецца ў Магілёве

Беларуска-нямецкая перасоўная выстава, прысвечаная гісторыі лагера смерці «Трасцянец», адкрыецца 1 сакавіка ў Магілёве. Аб гэтым карэспандэнту сайта паведамілі ў Музеі гісторыі Магілёва.

Аўтары выставы «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць» сабралі архіўныя дакументы, асабістыя гісторыі і ўспаміны вязняў аб адным з найбуйнейшых у Еўропе лагераў смерці, створаных нацыстамі на тэрыторыі Беларусі. Выстава пазнаёміць наведвальнікаў з гістарычнымі фактамі, а таксама з тэмай развіцця культуры, захавання памяці пра лагеры і нацысцкі тэрор у Беларусі і краінах Еўропы.

«Праца над стварэннем экспазіцыі вялася сумеснай беларуска-нямецкай групай з восені 2014 года, – паведамілі суразмоўцы. – Яе стваральнікі паставілі перад сабой задачу бліжэй пазнаёміць беларускую і заходнееўрапейскую грамадскасць з лагерам смерці. Выстава не столькі свядома робіць акцэнт на колькасці ахвяр, колькі канцэнтруе ўвагу на асобных жыццях, якія тут перарваліся. Сем біяграфічных замалёвак стварае партрэт ахвяр вайны».

Афіцыйнае адкрыццё экспазіцыі адбудзецца 1 сакавіка ў 14.00 у Выставачнай зале (вуліца Болдзіна,1). Чакаецца, што ў ім прымуць удзел прадстаўнікі пасольства Германіі ў Беларусі. Выстава будзе працаваць да 18 сакавіка.

«Трасцянец» – найбуйнейшы лагер смерці на тэрыторыі Беларусі і акупаваных раёнаў СССР, створаны ў ваколіцах Мінска, і чацвёрты па колькасці знішчаных сярод вязняў фашысцкіх канцлагераў Еўропы. Большасць ахвяр гэтага лагера смерці – вязні Мінскага і іншых гета Беларусі, мірныя грамадзяне з многіх краін Заходняй, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У Трасцянцы знішчаліся таксама ваеннапалонныя з СССР, падпольшчыкі і партызаны, жыхары Мінска, арыштаваныя ў якасці заложнікаў. Лагер смерці быў створаны восенню 1941 года на тэрыторыі калгаса імя Карла Маркса і дзейнічаў па 1 ліпеня 1944 года.

Арганізатары праекта – Міжнародны адукацыйны цэнтр (Дортмунд), Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёханеса Рау, Фонд «Помнік забітым яўрэям Еўропы» (Берлін), пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў ФРГ, Фонду «Памяць, адказнасць і будучыня» і Народнага саюза Германіі па догляду за ваеннымі пахаваннямі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая