Рус Бел Eng 中文

Смяротнасць ад сухотаў у Магілёўскай вобласці за апошнія 10 гадоў знізілася на 73%

Смяротнасць ад сухотаў у Магілёўскай вобласці за апошнія 10 гадоў знізілася на 73% і склала 2,9 на 100 тыс. Аб гэтым карэспандэнту сайта паведаміў галоўны пазаштатны фтызіятр вобласці Віктар Варабёў.

«Тым не менш эпідэмічная сітуацыя з сухотамі ў рэгіёне застаецца напружанай, – падкрэсліў суразмоўца. – Перш за ўсё гэта звязана з асаблівасцямі сучаснага патамарфоза захворвання, які характарызуецца вострым прагрэсавальным  працэсам, перавагай лекава-ўстойлівых формаў».

З’явіліся новыя групы рызыкі захворвання, у прыватнасці, мігранты з краін з высокім узроўнем распаўсюджанасці сухотаў, ВІЧ-інфіцыраваныя, а таксама асобы, якія прыбылі з пенітэнцыярных устаноў. Сацыяльна-праблемныя кантынгенты насельніцтва, так званыя асобы сацыяльнай рызыкі, з цяжкасцю прыцягваюцца да абследавання і лячэння, сярод іх часта дыягнастуюцца хранічныя формы сухотаў з бактэрыевыдзяленнем, што ўяўляе небяспеку заражэння для навакольных.

Адзіным спосабам выявіць хваробу на ранніх этапах развіцця з’яўляецца флюараграфічнае і бактэрыялагічнае даследаванне, адзначыў Віктар Вараб’ёў. Для прафілактычных аглядаў насельніцтва Магілёўская вобласць добра абсталявана рэнтгенаўскімі апаратамі новага тыпу («Пульмаэкспресс») з нізкай прамянёвай нагрузкай. Бактэрыялагічныя лабараторыі ўкамплектаваны сучасным абсталяваннем і расходнымі матэрыяламі, у тым ліку аўтаматызаваны сістэмы для паскоранай дыягностыкі ўзбуджальніка сухотаў, якія дазваляюць, у параўнанні са звычайным даследаваннем, у 2,5 разы скараціць час атрымання вынікаў. Выкарыстоўваюцца экспрэс-метады малекулярна-генетычнай дыягностыкі множнай лекавай устойлівасці бактэрый. Праблема дыягностыкі захворвання важная, паколькі своечасовы дыягназ неабходны для эфектыўнага лячэння пацыента, паколькі сухоты, як правіла, вылечваюцца.

Лячэнне хворых на сухоты – сур’ёзная і складаная задача, якая патрабуе канцэнтрацыі намаганняў медыцынскіх работнікаў, самога пацыента і членаў яго сям’і. Калі тэрміны лячэння пацыентаў у ранняй стадыі хваробы складаюць 6-8 месяцаў, то пры хранічных формах са множнай лекавай устойлівасцю ўзбуджальніка дасягаюць 1,5-2-х і больш гадоў.

У Магілёўскай вобласці ўкаранёна відэакантралюемае лячэнне сухотаў: прыём супрацьсухотных лекавых сродкаў з відэазапісам на мабільны тэлефон. Пры дапамозе смартфона, які выдаецца пацыенту бясплатна, і спецыяльна створанага праграмнага забеспячэння людзі маюць магчымасць весці звыклы лад жыцця. У цяперашні час на відэакантралюемым лячэнні знаходзіцца 16 пацыентаў.

З 2007 года Праграмай ААН вылучаюцца гранты Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй «Падтрымка Дзяржаўнай праграмы «Сухоты» ў Рэспубліцы Беларусь». За кошт сродкаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Укараненне стратэгіі СТОП-ТБ у вобласці, у прыватнасці, накіраванай на меры па барацьбе з сухотамі з множнай лекавай устойлівасцю (МЛУ-ТБ)» праводзяцца навучальныя семінары для медыцынскіх работнікаў розных звёнаў аховы здароўя, супрацьсухотныя ўстановы абсталёўваюцца сучасным дарагім медыцынскім абсталяваннем для лабараторнай дыягностыкі і забеспячэння інфекцыйнага кантролю, пастаўляюцца супрацьсухотныя лекавыя сродкі, якія маюць міжнародны сертыфікат якасці. Для фарміравання прыхільнасці да лячэння малазабяспечаным пацыентам аказваецца сацыяльная падтрымка ў выглядзе харчовых набораў і праязных білетаў на грамадскі транспарт. Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа штогод праводзяцца дабрачынныя акцыі для асоб без пэўнага месца жыхарства.

Сухоты – інфекцыйнае захворванне, вядомае з глыбокай старажытнасці. І сёння гэта праблема па-ранейшаму актуальная не толькі для Рэспублікі Беларусь, але і для ўсяго свету. Да пачатку ХХІ стагоддзя захворванне на сухоты ў свеце дасягнула 130 выпадкаў на 100 тыс. насельніцтва, а ў краінах Заходняй і Усходняй Еўропы сярэдні паказчык склаў 50 выпадкаў на 100 тыс.

24 сакавіка – Сусветны дзень барацьбы з сухотамі. У 1982 годзе на стагоддзе адкрыцця нямецкім навукоўцам Робертам Кохам ўзбуджальніка сухотаў СААЗ і Міжнародны Саюз па барацьбе з сухотамі і лёгачнымі хваробамі выступілі спонсарамі правядзення першага Сусветнага дня барацьбы з сухотамі для павышэння дасведчанасці людзей аб гэтай хваробе (24 сакавіка 1882 года Роберт Кох абвясціў аб сваім адкрыцці бацыл сухотаў). У гэты дзень шырока арганізуюцца розныя прэс-канферэнцыі, выступленні па тэлебачанні, радыё, у рабочых і студэнцкіх аўдыторыях медыцынскіх работнікаў, якія расказваюць аб сухотах, сімптомах хваробы, метадах выяўлення і прафілактыкі.

Напярэдадні Сусветнага дня барацьбы з сухотамі ў друку з’яўляюцца артыкулы, якія раскрываюць інфекцыйную прыроду сухотаў, прыводзяцца навуковыя дасягненні ў галіне дыягностыкі і лячэння хваробы. У паліклініках, бальніцах людзям раздаюцца брашуры, памяткі на санітарна-асветніцкую тэматыку па сухотах. У кінатэатрах дэманструюцца бясплатныя навукова-папулярныя і мастацкія кінафільмы, героі якіх сутыкнуліся з праблемай сухотаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая