Рус Бел Eng 中文

Да 75-годдзя трагедыі Хатыні ў Кіраўскім раёне адбудзецца абласны мітынг-рэквіем ля мемарыяльнага комплексу «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці»

Абласны мітынг-рэквіем, прысвечаны 75-годдзю трагедыі Хатыні, адбудзецца 22 сакавіка ў 12.00 каля мемарыяльнага комплексу «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» (в. Боркі Кіраўскага раёна). У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі дзяржорганаў, грамадскіх арганізацый, моладзь. Акрамя таго, у рэгіёне да памятнай даты прымяркуюць тэматычныя гадзіны інфармавання, прагляды кінафільмаў, тэматычныя выставы, акцыі, вечарыны памяці.

Хатынь – мірная беларуская вёска, якая налічвала калісьці 26 двароў. Яна была цалкам знішчана фашыстамі. Загінула 149 чалавек, з іх 75 дзяцей ва ўзросце 16 гадоў. Самаму малодшаму было ўсяго 7 тыдняў. Жудасныя падзеі вясны 1943 года да гэтага часу болем адгукаюцца ў сэрцах беларусаў. 

Вёска Боркі Кіраўскага раёна таксама раздзяліла лёс Хатыні: 15 чэрвеня 1942 года тут і ў шасці прылеглых да яе пасёлках на працягу аднаго дня фашыстамі было расстраляна і спалена жывымі 1,8 тыс. мірных жыхароў.

Дарэчы, у Беларусі Боркі – не адзіная вёска з такой назвай, знішчаная карнікамі. Дзясятай ротай з батальёна «Цэнтр» Мюлера расстраляна 23 верасня 1942 года 707 чалавек у маларыцкіх Борках. У сакавіку 1943-га знішчаны Боркі на Петрыкаўшчыне. У пачатку мая таго ж года спалена 99 жыхароў Борак Вілейскага (на той час Ільянскага) раёна. Жнівень 1943-га з яго карнай аперацыяй «Герман» стаў апошнім днём для Борак Івянецкага і Валожынскага раёнаў.

У 1980 годзе выйшла дакументальная аповесць Алеся Адамовіча «Карнікі». У яе аснове рэальны сюжэт, адзін з эпізодаў «акцыі застрашвання» батальёна СС Дырлевангера – спальванне вёскі Боркі Кіраўскага раёна і пасёлкаў, якія ўваходзілі у яе склад...

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая