Швяя Бабруйскай фабрыкі «Славянка» Вольга Северына заваявала трэцяе месца ў рэспубліканскім галіновым конкурсе прафесійнага майстэрства «Беларускі майстар-2018». Пра гэта паведаміў старшыня рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў лёгкай прамысловасці Міхаіл Касцян.

Лепшай з лепшых стала швяя 5-га разраду швейнага цэха ЗАТ «Аршанская прамыслова-гандлёвая фірма «Світанак»» Ларыса Лішчэўская, прадстаўніца Віцебшчыны. Дыплома другой ступені ўдастоена працаўніца швейнай брыгады цэха №2 ААТ «Белкрэда» Лілія Ждан, удзельніца ад Гродзенскай вобласці. Заахвочвальныя дыпломы ўручаны працаўніцам гомельскага ПГВУП «Залаты ласкут», брэсцкага ТДА «Панда» і сталічнага ААТ «Элема».

У заключным этапе рэспубліканскага спаборніцтва, якое адбылося на базе ААТ «Славянка» ў Бабруйску, прынялі ўдзел 6 прадстаўніц кожнага рэгіёна – пераможцы абласных тураў. У фінале канкурсанткам было прапанавана адказаць на пытанні па тэхналогіі швейнай вытворчасці і ахове працы, а таксама выканаць практычнае заданне – вырабіць праразную кішэню ў рамку, якая часта выкарыстоўваецца пры пашыве сукенак, пінжакоў, паліто і куртак. Абавязковая ўмова – адпаведнасць дэталі эталонным узорам. Таксама ўлічваліся час і якасць выканання задання.

Галіновы конкурс сярод швей праходзіць другі год запар і ўжо карыстаецца папулярнасцю, паколькі дае магчымасць майстрам сваёй справы заявіць аб сабе і сваім прафесійным узроўні, атрымаць прызнанне і падтрымку калегаў па цэху, а таксама дадатковае матэрыяльнае стымуляванне. Традыцыйна арганізатарамі працоўнага спаборніцтвы выступаюць Беларускі прафсаюз работнікаў лёгкай прамысловасці і канцэрн «Беллегпрам».

Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства «Беларускі майстар» праходзіць пад эгідай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі амаль па двух дзесятках прафесій. Сярод іх – аператар машыннага даення, выратавальнік, медсястра, вальшчык лесу, швяя, цырульнік, повар-кулінар, муляр, прадавец, вадзіцель, фрэзероўшчык, фатограф і нават геадэзіст.

У працоўных спаборніцтвах удзельнічаюць прафесіяналы з усёй краіны: як маладыя спецыялісты, так і вопытныя майстры. Такія конкурсы не толькі распавядаюць аб разнастайнасці прафесій, але і паказваюць спецыялістам, наколькі каштоўная іх праца, павышаюць прэстыж рабочых спецыяльнасцяў – упэўненыя арганізатары.

Традыцыйна пераможцаў ўсіх галіновых рэспубліканскіх этапаў ушаноўваюць на прафсаюзным фестывалі «Працоўныя таленты» ў Мінску напярэдадні свята 1 Мая.


Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59