Рус Бел Eng 中文

Гімнастаў з чатырох краін збяруць у Магілёве адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы на прызы Святланы Баітавай

XVIII адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па спартыўнай гімнастыцы на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Святланы Баітавай пройдуць 4-6 красавіка ў магілёўскім Палацы гімнастыкі. Пра гэта паведамілі ў гарадской спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву «Багіма» імя В. Г. Мішчанка».

Чакаецца, што ў абласны цэнтр з’едуцца каля 120 гімнастаў 8-18 гадоў з Беларусі, Расіі, Латвіі і Узбекістана.

Пераможцаў і прызёраў першынства вызначаць у асабістым заліку. Спартсменам, якія занялі 1, 2 і 3 месцы, уручаць медалі, дыпломы і каштоўныя падарункі.

«Спаборніцтвы сталі добрай традыцыяй для абласнога цэнтра, – падкрэслілі суразмоўцы. – На працягу апошніх гадоў тут збіраюцца лепшыя спартсмены з розных краін, якія на высокім узроўні выконваюць складаныя праграмы і элементы. Упэўненыя, 2018-ы не стане выключэннем, а гледачы атрымаюць сапраўднае задавальненне ад майстэрства выступленняў лідараў каманд нашай краіны і замежжа».

Урачыстае адкрыццё спаборніцтваў – 5 красавіка ў 14:00. Узнагароджанне пераможцаў і закрыццё адбудзецца 6 красавіка ў 14:00. Уваход на мерапрыемства свабодны.

Святлана Баітава – заслужаны майстар спорту, чэмпіёнка XXIV Алімпійскіх гульняў у Сеуле 1988 года ў камандных спаборніцтвах, чэмпіёнка свету 1987 года, абсалютная чэмпіёнка СССР 1986 года, Ганаровы грамадзянін горада Магілёва.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць упраўленне спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама, аддзел адукацыі, спорту і турызму Магілёўскага гарвыканкама, гарадская спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву «Багіма» імя В. Г. Мішчанка».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая