Рус Бел Eng 中文

Міжнародны дзень абароны дзяцей у Магілёве адзначаць парадам парасонаў, святамі кніг і дзіцячай творчасці

Міжнародны дзень абароны дзяцей у Магілёве адзначаць парадам парасонаў, святамі кніг і дзіцячай творчасці. Пра гэта паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама.

Галоўнай сцэнай стане плошча Зорак. Менавіта яна будзе фінішам для «Параду парасонаў». У маляўнічым мерапрыемстве ўдзельнічае больш за 800 арт-парасонаў, якія сталі пераможцамі раённых этапаў спаборніцтва сярод сярэдніх навучальных устаноў абласнога цэнтра.

У гэтым годзе шэсце падзеляць на дзве групы. Адна ў 11.45 будзе стартаваць ад гімназіі №3, другая – ад ліцэя БРУ. Удзельнікі параду пройдуць па вуліцы Ленінскай і сустрэнуцца каля кінатэатра «Радзіма», дзе ў 12.00 пачнецца гала-канцэрт удзельнікаў і пераможцаў гарадскога конкурсу дзіцячай творчасці «Звонкі капеж». Некалькі месяцаў больш за 1 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак ад 6 да 16 гадоў дэманстравалі свае здольнасці і таленты ў вакальным жанры, харэаграфіі, дэкламацыі, модных прэзентацыях і паказах, жывапісе, дэкаратыўна-прыкладной творчасці і інш. У Дзень абароны дзяцей на плошчы Зорак назавуць найлепшых з іх і заахвоцяць заслужанымі ўзнагародамі.

Таксама 1 чэрвеня жыхароў і гасцей Магілёва ў Камсамольскім скверы чакае выстава дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, арганізаваная гарадскімі цэнтрамі дадатковай адукацыі, і свята «Чытай! Горад!». Для малых будзе дзейнічаць чытальная зала пад адкрытым небам і фотазона.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая