Рус Бел Eng 中文

Новы рэзідэнт СЭЗ «Магілёў» плануе арганізаваць вытворчасць профіляў ПВХ

У свабоднай эканамічнай зоне «Магілёў» зарэгістраваны новы рэзідэнт – беларускае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Экструзійныя тэхналогіі». Кампанія плануе рэалізаваць у абласным цэнтры інвестыцыйны праект па вытворчасці профіляў ПВХ. Пра гэта паведамілі ў адміністрацыі СЭЗ.

Паводле слоў суразмоўцаў, прадпрыемства будзе вырабляць будаўнічыя і аздобныя матэрыялы з полівінілхларыду, займацца вырабам святлопразрыстых канструкцый, якія выкарыстоўваюцца ў аб’ектах жылога і гаспадарчага прызначэння.

Дзякуючы прымяненню сучаснага тэхналагічнага абсталявання рэалізацыя праекта будзе садзейнічаць развіццю і ўмацаванню экспартнага патэнцыялу нашай краіны на рынках блізкага замежжа, а таксама дазволіць стварыць каля 150 новых працоўных месцаў.

Свабодная эканамічная зона «Магілёў» зарэгістравана ў студзені 2002 года. Гэта частка тэрыторыі Беларусі з пэўнымі межамі, дзе ў дачыненні да яе рэзідэнтаў устанаўліваецца і дзейнічае спецыяльны прававы рэжым для ажыццяўлення імі інвестыцыйнай і прадпрымальніцкай дзейнасці. На сённяшні дзень тут зарэгістравана 37 прадпрыемстваў-рэзідэнтаў.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая