Рус Бел Eng 中文

З пачатку сезона ў медыцынскія арганізацыі Магілёўскай вобласці звярнулася больш за 2,5 тыс. пацярпелых ад укусаў кляшчоў

Паводле дадзеных маніторынгу з пачатку сезона ў медыцынскія арганізацыі Магілёўскай вобласці звярнулася больш за 2,5 тыс. чалавек, пацярпелых ад укусаў кляшчоў, у тым ліку 760 дзяцей да 17 гадоў уключна, паведамілі ў абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

На 50% вырасла захворванне на лайм-барэліёз: зарэгістравана 27 выпадкаў. Заражэнне адбылося на тэрыторыях Асіповіч, в. Смык (Асіповіцкі раён), Круглага, в. Токары і в. Осава (Бабруйскі раён), в. Астрэні (Чавускі раён), в. Пільшычы (Бялыніцкі раён), в. Касцюшкавічы (Крычаўскі раён). Акрамя таго, зарэгістраваны адзін выпадак клешчавога энцэфаліту (в. Рэпалава Шклоўскага раёна).

Суразмоўцы падкрэслілі, што эпідэміялагічная сітуацыя па трансмісіўных інфекцыях і санітарна-супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы па барацьбе з пераносчыкамі знаходзяцца на пастаянным кантролі санітарна-эпідэміялагічнай службы рэгіёна.

Каб пазбегнуць захворвання клешчавым энцэфалітам і лайм-барэліёзам трэба выконваць пэўныя правілы паводзін на тэрыторыі, дзе паразіты сустракаюцца асабліва часта. Адпраўляючыся ў лес, неабходна апранацца такім чынам, каб паменшыць магчымасць запаўзання кляшчоў пад вопратку. У лесе трэба выкарыстоўваць супрацькляшчовыя рэпеленты і рэгулярна праводзіць аглядыі самаагляды. Пасля вяртання з лесу трэба правесці поўны агляд цела, адзення. Акрамя таго, не варта заносіць у памяшканне свежасарваныя кветкі, галінкі, верхнюю вопратку і іншыя прадметы, на якіх могуць аказацца кляшчы. Для выключэння выпадкаў заражэння праз казінае малако перад ужываннем яго трэба абавязкова кіпяціць.

Калі ж сустрэчы з крывасмокам пазбегнуць не ўдалося, то няпрошанага госця неабходна як мага хутчэй выдаліць, разгойдваючы за брушка, пінцэтам або пры дапамозе слізгальнай пятлі з трывалай ніткі, накінутай як мага бліжэй да хабатка. Калі пасля выдалення ён застанецца ў скуры, яго варта дастаць стэрыльнай іголкай, як стрэмку, а месца ўкусу апрацаваць 3-працэнтным перакісам вадароду, ёдам або іншым спіртавым растворам. Далей неабходна звярнуцца ў медустанову для вырашэння пытання аб неабходнасці прафілактычнага лячэння.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая