Поўнамаштабныя палявыя пошукавыя работы правялі на месцы знаходжання астанкаў салдат часоў ВАВ у Бабруйскім раёне. Пра тое, як яны праходзілі, распавёў старшы інструктар 1-га спецыялізаванага пошукавага ўзвода 2-й спецыялізаванай пошукавай роты 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна старшына Дзяніс Грабоўскі.

Падчас пошукавых работ былі падняты астанкі 8 чалавек - ваеннаслужачых Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі, якія загінулі ў першыя дні вайны - у ліпені 1941-га года. «Разам з астанкамі выяўлена 5 асабістых апазнавальных медальёнаў, дзякуючы якім у цяперашні час эксперты ўстанавілі імёны трох байцоў. Акрамя таго, знойдзены манеты 1936 года, компас, патроны, прадметы ўжытку», - удакладніў ён.

Інфармацыю аб выніках пошукавых работ перадалі ва ўпраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь. Па словах галоўнага спецыяліста дадзенага ведамства Аляксандра Лугіна, усе салдаты аказаліся ўраджэнцамі Украіны. Сярод іх Якаў Самсонавіч Ефанаў, 1921 года нараджэння, ураджэнец вёскі Харошае Славяна-сербскага раёна Варашылаўградскай (цяпер Луганскай) вобласці, прызваны Славяна-сербскім РВК Украінскай ССР 5 мая 1941 года. Старэйшы таварыш байцоў - Уладзімір Панцеляймонавіч Юрыйчук, 1915 года нараджэння, родам з вёскі Траяны Адэскай вобласці (цяпер Кіраваградская вобласць Украіны). У чацвёртым медальёне знаходзілася запіска на ўкраінскай мове, з якой экспертам удалося прачытаць: «Передати Іллєнко Михайло Михайловичу, с. Семяновка, Сумская обл.». Пяты медальён аказаўся пустым.

Як паведаміў в.а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама Дзмітрый Вяроўкін, у цяперашні час вядзецца праца па ўстанаўленні звестак пра сваякоў загінулых абаронцаў Айчыны. Накіраваны афіцыйныя лісты па месцы прызыву вайскоўцаў, адпаведная інфармацыя размешчана на афіцыйным інтэрнет-сайце райвыканкама і ў сацыяльных сетках. Ужо адгукнуліся дапамагчы ўдзельнікі праекту «Электронная Кніга Памяці Украіны 1941-1945» і аб'яднання пошукавых атрадаў «Захавальнікі».

«Чым больш людзей далучыцца да гэтай працы, тым вышэйшая верагоднасць адшукаць сваякоў загінуўшых воінаў і паведаміць пра іх лёс. Можа хто-небудзь са сваякоў зможа прыехаць у Беларусь на цырымонію перапахавання», - падкрэсліў Дзмітрый Вяроўкін.
Па матэрыяле газеты «Трыбуна працы»
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
13.08.2020 - 15:17
29.07.2020 - 12:46
10.07.2020 - 14:16
09.07.2020 - 15:34