Рус Бел Eng 中文

Унікальныя антыкварныя прадметы папоўнілі калекцыю Палаца Пацёмкіна ў Крычаве

Экспазіцыя інтэр’ерных залаў Палаца Пацёмкіна ў Крычаве папоўнілася ўнікальнымі прадметамі даўніны 19-20 стагоддзяў. Пра гэта паведамляе сайт ДУК «Гістарычны музей г. Крычава».

Усе 16 экспанатаў падарыла музею жыхарка французскага Страсбурга Валянціна Ягошкіна. Сярод іх фаянсавы збан для ранішняга туалета са сподкам (Галандыя, ручная праца, Дэлфт), керамічная ваза ў стылі барока з класічным малюнкам букета (Італія), ігральныя карты (Штутгарт, Германія), старадаўні флакон для мужчынскага адэкалону (Францыя), пасярэбраны соуснік, фарфоравая скрыначка для пілюль, жаночыя белыя лайкавыя пальчаткі і інш.

Прадметы ўжо размешчаны ў экспазіцыі пяці інтэр’ерных залаў – «Будуар», «Гасціная», «Сталовая», «Кабінет-бібліятэка», «Канапавая» – і даступны для ўсіх наведвальнікаў палаца.

Валянціна Ягошкіна жыве ў французскім Страсбургу. Аднак яе малая радзіма – Чэрыкаўскі раён Магілёўскай вобласці. Наведваючы родныя мясціны, яна пабывала ў Палацы Пацёмкіна. Тут пасля Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся інтэрнат, у якім працавала яе цётка. Пасля экскурсіі па палацы госця вырашыла дапоўніць ўбачаную калекцыю антыкварыяту і неўзабаве паднесла музейшчыкам прыемны сюрпрыз. У падзяку за падарунак Валянціну Ягошкіну разам з яе сям’ёй запрасілі наведаць палац, яшчэ раз прагуляцца па інтэр’ерных залах, па ўнікальным парку і больш даведацца пра гісторыю Крычава.

 

Фото - ГУК «Исторический музей г.Кричева»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая