Рус Бел Eng 中文

Найлепшых байцоў з 30 краін чакаюць на чэмпіянаце па панкратыёне ў Бабруйску

У Бабруйску 1-4 лістапада адбудзецца чэмпіянат свету па панкратыёне, паведамілі ў гарвыканкаме.

Турнір пройдзе ў «Бабруйск-Арэне» і збярэ прадстаўнікоў 30 краін, уключаючы такія экзатычныя, як Аўстралія і Катар. Падчас спаборніцтваў разыграюць каля 70 камплектаў медалёў сярод мужчын і жанчын у розных узроставых і вагавых катэгорыях. Спаборніцкая праграма падзелена на чатыры групы: фул-кантакт, які практычна не мае абмежаванняў у баі, аthlima, або лайт-кантакт, дэманстрацыйныя камандныя віды polydamas і palesmata.

Упершыню за ўвесь час правядзення чэмпіянатаў свету кожнай камандзе дазволена заявіць па тры байцы ў кожнай вазе. Гэта значыць, што ў Бабруйску збярэцца больш за 300 найлепшых байцоў панкратыёна. «Нацыянальныя першынствы па гэтым відзе спорту, якія праводзяцца ў Беларусі, заўсёды адрозніваюцца высокім узроўнем арганізацыі, спаборніцтвы запаміналіся не толькі высокім напалам барацьбы, але і маляўнічымі цырымоніямі адкрыцця і закрыцця, шырокім спектрам забаў для гледачоў. У 2018 годзе чэмпіянат свету ўпершыню атрымае ўласны лагатып», – адзначылі ў гарвыканкаме.

Арганізатарамі спаборніцтваў выступаюць міжнародная федэрацыя «Аб’яднаны свет барацьбы» і Беларуская федэрацыя панкратыёна і змешаных баявых адзінаборстваў пры падтрымцы Магілёўскага аблвыканкама і Бабруйскага гарвыканкама.

Панкратыён з’яўляецца адроджаным відам спорту. У баі дазваляецца ўжываць практычна ўвесь арсенал тэхнічных дзеянняў з іншых відаў адзінаборстваў. Спартсмены праводзяць паядынкі ў спецыяльнай абароне, устаноўлены дакладныя правілы барацьбы, што робіць іх бяспечнымі і дазваляе займацца гэтым відам спорту юнакам з ранняга ўзросту.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая