Рус Бел Eng 中文

Агульнагарадское свята да Дня ведаў пройдзе 1 верасня ў Магілёве

Агульнагарадское свята «Твары, выдумляй, спрабуй!», прысвечанае Дню ведаў, адбудзецца 1 верасня ў Магілёве. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ва ўпраўленні па адукацыі гарвыканкама.

З 12.00 да 15.00 на набярэжнай ракі Дубравенка для школьнікаў абласнога цэнтра падрыхтавалі насычаную праграму з конкурсамі, віктарынамі, спартыўнымі гульнямі, майстар-класамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі. Яркім упрыгожаннем свята стане выстава восеньскіх букетаў.

«Спартыўныя школы, клубы, установы культуры і дадатковай адукацыі горада правядуць прэзентацыю сваёй працы, – адзначылі суразмоўцы. – Школьнікі не толькі змогуць пазнаёміцца з рознымі відамі дзейнасці ў вольны час, але і запісацца ва ўпадабаную секцыю ці гурток».

Традыцыйна ў мерапрыемстве прымуць удзел супрацоўнікі ДАІ, МНС і Асвода. Яны арганізуюць працу інфармацыйна-дэманстрацыйных пляцовак па бяспечнай жыццядзейнасці, а санслужба і наркадыспансер нагадаюць пра важнасць захавання здаровага ладу жыцця.

Святы для дзятвы да пачатку навучальнага года падрыхтавалі многія ўстановы Магілёва. Напрыклад, кінатэатр «Ветразь» будзе радаваць школьнікаў на працягу трох дзён. Сёння тут у 18.00 пачнецца кінавідэамерапрыемства «Добры дзень, школьная пара!». Яго ўдзельнікаў чакаюць конкурс малюнкаў на асфальце, флэш-моб, салодкі стол, конкурс-рэбус «Назаві школьны прадмет», запрашэнне на Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2018» і дэманстрацыя мультфільма «Два хвасты».

31 жніўня ў 9.30 адбудзецца «Кінасвята для першакласнікаў». Арганізатары абяцаюць тэматычныя конкурсы і гульні, танцы, мультфільм «Вожык Бобі: Калючыя прыгоды».

Непасрэдна ў Дзень ведаў у 18.00 адкрыецца мерапрыемства «Школьныя гады цудоўныя!». Для хлопчыкаў і дзяўчынак падрыхтавалі танцавальна-гульнявую праграму, кінавіктарыну «Вялікія людзі, якія праславілі Беларусь» і дакументальны фільм «Соф’я Кавалеўская. Дылемы вялікай жанчыны». Завершыцца свята абмеркаваннем стужкі і анкетаваннем «Як я бачу кінатэатр будучыні».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая