У Магілёўскай вобласці ў 2018 годзе прышчэпкамі супраць грыпу плануецца ахапіць 419 503 чалавекі, што складае больш за 40% жыхароў рэгіёна. Пра гэта паведаміла галоўны дзяржаўны санітарны ўрач вобласці Святлана Нячай.
За кошт мясцовых бюджэтаў і асабістых сродкаў грамадзян плануецца вакцынаваць – 19% грамадзян, за кошт уласных сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый – 8%. Працоўнае насельніцтва рэгіёна плануецца прышчапіць за кошт усіх бюджэтаў на 52%.
Святлана Нячай адзначыла, што падрыхтоўчая праца арганізацый і прадпрыемстваў да кампаніі імунізацыі супраць грыпу восенню 2018 года падыходзіць да завяршэння.
«Сёння ўжо не падлягае сумневу, што эфектыўная барацьба з грыпам магчыма толькі шляхам масавай вакцынапрафілактыкі, якая дазволіць стварыць больш высокую імунную праслойку насельніцтва, – падкрэсліла галоўны дзяржаўны санітарны ўрач вобласці. – Мінулы эпідсезон паказаў, што захворванне на ВРІ і грып сярод працоўных прышчэпленых было меншым, чым сярод непрышчэпленых, у 9 разоў. Праведзеная вакцынацыя дазволіла прадухіліць больш за 400 тысяч выпадкаў грыпу і ВРВІ, у тым ліку 154 тыс. – сярод працоўнага насельніцтва. Эканамічны эфект прымянення супрацьгрыпозных вакцын у 84 разы перавышаў выдаткі на вакцынацыю».
Таксама суразмоўніца патлумачыла, што мэта вакцынацыі – не поўная ліквідацыя грыпу як інфекцыі, а зніжэнне захворвання, асабліва ад яго ўскладненняў, абвастрэння і ўскладненняў сардэчна-сасудзістых, лёгачных захворванняў і іншай хранічнай паталогіі.
Лепш за ўсё прышчэплівацца ад грыпу восенню: у кастрычніку-лістападзе, да пачатку сезоннага ўздыму захворвання на грып і ВРВІ, канстатавала Святлана Нячай. На працягу наступных 2-3 тыдняў сфарміруюцца антыцелы, якія забяспечваюць абарону на 6-12 месяцаў, затым разбураюцца. «У 2018 годзе для імунізацыі супраць грыпу будзе выкарыстоўвацца расійская вакцына «Грыпол плюс», французская «Ваксігрып» і вырабленая ў Нідэрландах «Інфлювак». У вобласць вакцыны паступяць у сярэдзіне верасня, – падкрэсліла яна. – Усе супрацьгрыпозныя лекі, якія прымяняюцца ў Магілёўскай вобласці, зарэгістраваны Міністэрствам аховы здароўя Беларусі, маюць вопыт прымянення не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой».
Наколькі надзейная абарона выпрацуецца пасля вакцынацыі, залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку ад узросту і стану здароўя пацыента, індывідуальных асаблівасцяў і г. д. Але ў сярэднім са 100 прышчэпленых 70-98 чалавек не захварэюць на грып. Калі ўсё ж прышчэплены чалавек і захварэе, то ўсё будзе працякаць у лёгкай форме і без ускладненняў.
Увядзенне ў арганізм вакцыны не можа выклікаць захворванне, але шляхам выпрацоўкі ахоўных антыцелаў стымулюе імунную сістэму для барацьбы з інфекцыяй. Акрамя таго, прышчэпка ад грыпу дазваляе атрымаць яшчэ і крыжаваны імунітэт ад іншых вострых рэспіраторных інфекцый.
Вірусы грыпу мутуюць з года ў год, таму неабходна штогадовая вакцынацыя супраць грыпу, каб прадухіліць хваробу. «Два з трох варыянтаў вірусаў грыпу, якія ўваходзяць у склад вакцыны ў 2018 годзе новыя, – падкрэсліла Святлана Нячай. – Гэта азначае, што ў эпідэмічным сезоне 2018-2019 года будзе цыркуляваць два невядомыя нашай імуннай сістэме вірусы грыпу. І гэта яшчэ адзін аргумент на карысць вакцынацыі. Мы можам з дапамогай вакцыны «пазнаёміць» і «падрыхтаваць» да сустрэчы наш арганізм з гэтымі новымі варыянтамі віруса грыпу».
Супрацьпаказанняў да вакцынацыі ад грыпу нямнога. Прышчэпку нельга рабіць пры вострых ліхаманкавых станах, у перыяд абвастрэння хранічных захворванняў, пры павышанай адчувальнасці арганізма да яечнага бялка (калі ён уваходзіць у склад вакцыны).
Даведачна:
Дзе можна зрабіць прафілактычную прышчэпку супраць грыпу?
Бясплатна:
– у тэрытарыяльнай паліклініцы пры наяўнасці паказанняў;
– за кошт сродкаў, выдзеленых наймальнікам для вакцынацыі сваіх работнікаў, на здраўпункце прадпрыемства;
Платна:
– у любой паліклініцы, пасля заключэння дагавора на платныя паслугі.
Хто можа атрымаць прафілактычныя прышчэпкі супраць грыпу бясплатна?
У адпаведнасці з Нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак бясплатнае правядзенне прышчэпак супраць грыпу прадугледжана ў наступных групах:
– дзецям ва ўзросце ад 6 месяцаў да 3 гадоў;
– дзецям ва ўзросце ад 3 гадоў і дарослым з хранічнымі захворваннямі;
– школьнікам;
– асобам з імунасупрэсіяй;
– асобам, старэйшым за 65 гадоў;
– цяжарным;
– медыцынскім работнікам;
– дзецям і дарослым, якія знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання;
– работнікам дзяржаўных органаў, якія арганізуюць бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасці насельніцтва.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
03.08.2020 - 15:58
27.07.2020 - 16:01