У Магілёўскай вобласці за 8 месяцаў 2018 года зарэгістраваны 41 выпадак шаленства сярод жывёл. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў Магілёўскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Суразмоўцы дадалі, што 34 эпізоды зафіксавана сярод дзікіх жывёл, у тым ліку ліс было 27 (65,9%), янотападобных сабак – 5 (12,2%), ваўкоў – 2 (4,9%). З хатніх жывёл захварэлі 2 сабакі, 1 кошка і 4 каровы.
Штогод у арганізацыі аховы здароўя Магілёўскай вобласці па аказанне медыцынскай дапамогі звяртаецца больш за 3 тыс. чалавек, якія пацярпелі ад укусаў, ацарапвання, асліньвання жывёламі. У большасці выпадкаў нельга выключыць небяспеку заражэння шаленствам, падкрэслілі спецыялісты.
У нашым рэгіёне практычна на ўсіх тэрыторыях з большай ці меншай інтэнсіўнасцю рэгіструюцца выпадкі шаленства сярод дзікіх і хатніх жывёл. Найбольш нядобранадзейнымі ў бягучым годзе з’яўляюцца Клімавіцкі (12 разоў), Магілёўскі (6), Касцюковіцкі і Дрыбінскі (па 5), Шклоўскі (4), Быхаўскі і Круглянскі (па 3) раёны.
Апошні выпадак захворвання на шаленства сярод жыхароў Прыдняпроўскага краю быў зарэгістраваны ў 2012 годзе ў Быхаўскім раёне. Крыніцай заражэння паслужыла хатняя сабака.
Шаленства – гэта вострае інфекцыйнае захворванне, якое выклікаецца спецыфічным вірусам і паражае нервовую сістэму чалавека. Яно з’яўляецца смяротным як для жывёл, так і для чалавека.
Варта памятаць, што здаровая дзікая жывёла заўсёды пазбягае сустрэчы з чалавекам, праяўленне драпежнікам неўласцівай прыязнасці або выразнай агрэсіі павінна насцярожыць людзей.
У хатніх жывёл змяняюцца паводзіны, з’яўляецца агрэсія, мяняецца апетыт і г.д. Пры першых прыкметах неўласцівых для жывёл паводзін неабходна абараніць сябе і сваіх блізкіх ад кантакту з імі і неадкладна звярнуцца да ветэрынарнага спецыяліста.
Шаленства з’яўляецца смяротным захворваннем, а комплекс антырабічных прышчэпак адносіцца да надзейных сродкаў яго папярэджання. У выпадку кантакту з жывёламі неабходна звярнуцца ў найбліжэйшую медыцынскую ўстанову для апрацоўкі раны і вырашэння пытання прызначэння прышчэпак.
28 верасня сусветная грамадскасць адзначае Сусветны дзень барацьбы супраць шаленства. «Выконваючы ўсе меры бяспекі, насцярожана ставячыся да незнаёмых свойскіх жывёл, а таксама да дзікай жывёлы, якая зайшла ў населены пункт, можна зберагчы сябе і сваіх блізкіх ад гэтага небяспечнага для жыцця захворвання», – падкрэслілі суразмоўцы.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
03.08.2020 - 15:58
27.07.2020 - 16:01