Хутка ў Магілёве пачне работу пяты Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Напярэдадні найважнейшай падзеі карэспандэнт газеты «Союз» пагутарыў са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Уладзімірам Даманеўскім.

– Уладзімір Віктаравіч, у Магілёве не раз прымаліся важныя для лёсаў Беларусі і Расіі рашэнні. Можна ўспомніць, што ў горадзе ў гады Першай сусветнай вайны знаходзілася стаўка расійскага імператара. А перад Вялікай Айчыннай у абласны цэнтр планавалі перанесці сталіцу БССР. І сёння Магілёў з’яўляецца адным з цэнтраў саюзнай інтэграцыі. Тут праходзілі паседжанні саюзнага Саўміна, вырашаліся пытанні ўзаемадзеяння ў банкаўскай сферы, міжпарламенцкім супрацоўніцтве. Зараз у Магілёве адбудзецца такая знакавая падзея, як пяты Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Наколькі важнае значэнне мае гэты форум для развіцця горада і вобласці?
– На мой погляд, супрацоўніцтва рэгіёнаў з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Міжрэгіянальныя адносіны дазваляюць развіваць узаемавыгадныя эканамічныя сувязі, аб’ядноўваць патэнцыял дзвюх дзяржаў. Прычым штуршок да развіцця адносін часта даюць менавіта такія мерапрыемствы, як Форум рэгіёнаў. Наша вобласць супрацоўнічае з 24 рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. 8 міжрэгіянальных пагадненняў былі падпісаны менавіта падчас праведзеных форумаў. Рыхтуюцца да пятага Форуму рэгіёнаў і прамыслоўцы вобласці. Яны ўжо падрыхтавалі з расійскімі партнёрамі кантракты на суму каля 70 мільёнаў долараў.
– Магілёўскі рэгіён непасрэдна мяжуе з Расіяй. Як гэта адбіваецца на эканамічным, культурным, сацыяльным узаемадзеянні? З якімі расійскімі рэгіёнамі супрацоўніцтва ідзе найбольш плённа?
– Мы развіваем шматвектарныя міжнародныя адносіны. Пры гэтым Расія для нас – галоўны партнёр. У мінулым годзе, напрыклад, знешнегандлёвы абарот з Расійскай Федэрацыяй склаў каля 65 працэнтаў ад усяго знешнегандлёвага абароту вобласці. Нашы прадпрыемствы пастаўляюць у суседнюю краіну прадукцыю хімічнай прамысловасці і машынабудавання, прыборабудавання, металургіі, лёгкай прамысловасці, харчовай галіны, будіндустрыі і дрэваапрацоўкі. Прадпрыемствы вобласці ў цеснай кааперацыі з расійскімі партнёрамі выпускаюць прадукцыю, якая пастаўляецца па ўсім свеце. На мой погляд, сёння варта рабіць упор на больш цесныя формы ўзаемадзеяння, умацоўваць гарызантальныя вытворчыя кааперацыйныя сувязі, ствараючы сумесныя прадпрыемствы і адкрываючы зборачныя вытворчасці, рэалізоўваць новыя сумесныя інавацыйныя праекты.
– Назавіце найбольш удалыя прыклады вытворчай кааперацыі.
– Больш за 100 дылераў і некалькі зборачных вытворчасцей на тэрыторыі Расіі мае ААТ «Магілёўліфтмаш». Толькі ў Ленінградскай вобласці ў яго 5 гандлёва-сэрвісных цэнтраў і сумеснае прадпрыемства СП ТАА «МЛМ Неўскі ліфт». Напрыклад, калі за 7 месяцаў 2017 года ў Ленінградскую вобласць і Санкт-Пецярбург было пастаўлена каля 500 ліфтаў, то ўжо ў студзені-ліпені 2018 года – каля 900. Акрамя таго, прадпрыемства паспяхова працуе па праграме замены ліфтавага абсталявання ў жылым фондзе гарадоў Расіі. Магілёўскія тэкстыльшчыкі выконваюць заказы вядучых кампаній і арганізацый – сілавых структур Расіі, «Газпрама», «Раснафты».
У мінулым годзе вобласць гандлявала з 77 расійскімі рэгіёнамі. Найбольш актыўнае супрацоўніцтва – з Масквой і Санкт-Пецярбургам, Маскоўскай, Ленінградскай, Смаленскай, Бранскай, Растоўскай абласцямі. Пашыраецца таксама кааперацыйнае ўзаемадзеянне, стварэнне сумесных вытворчасцей, удзел у выставах і кірмашах. Ідзе актыўнае супрацоўніцтва ў такіх сферах, як адукацыя, культура, спорт і турызм. Найбольш ярка гэта адчуваецца ў памежным узаемадзеянні беларускіх і расійскіх раёнаў.
– Якія пагадненні Магілёўская вобласць плануе падпісаць падчас форуму з рэгіёнамі Расіі? На якія межы эканамічнага супрацоўніцтва намячаецца выйсці?
– Магілёўскім аблвыканкамам запланавана падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах з урадамі Калінінградскай, Новасібірскай, Арэнбургскай абласцей. Будзем таксама абмяркоўваць, як развіваць супрацоўніцтва з Пензенскай, Тульскай, Ленінградскай абласцямі. Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў плануе заключэнне пагадненняў аб супрацоўніцтве з заканадаўчымі сходамі Ленінградскай, Калужскай абласцей і Краснадарскага краю; абласнымі думамі Калінінградскай, Смаленскай, Самарскай абласцей.
Адным з мерапрыемстваў у межах Форуму рэгіёнаў стаў Тыдзень інтэграцыі і супрацоўніцтва, у якім задзейнічаны абсалютна ўсе раёны Магілёўшчыны. Гэта такі фармат беларуска-расійскага ўзаемадзеяння, які дазволіў актывізаваць і ўмацаваць міжрэгіянальныя сувязі паміж раёнамі Магілёўскай вобласці і рэгіёнамі Расіі. Бабруйскім райвыканкамам падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з Ветлужскім і Варатынскім раёнамі Ніжагародскай вобласці, з Валагодскім раёнам. Магілёўскім гарвыканкамам падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з адміністрацыяй Волагды. Паўднёва-ўсходнія рэгіёны вобласці падпісалі пратаколы аб устанаўленні пабрацімскіх сувязяў з прыгранічнымі раёнамі Расіі. Значнай падзеяй Тыдня інтэграцыі стала правядзенне форуму моладзі Бранскай і Магілёўскай абласцей.
– Знакавым для беларуска-расійскага супрацоўніцтва з’яўляецца будаўніцтва завода тэхнічнага вугляроду ў Магілёве. Як ідзе рэалізацыя праекта? Якія яшчэ праекты такога ўзроўню прапрацоўваюцца і, магчыма, будуць прынятыя ў найбліжэйшай перспектыве?
– Цяпер на будаўнічай пляцоўцы вядуцца будаўніча-мантажныя работы будынкаў і збудаванняў, што ўваходзяць у першы пускавы комплекс, які прадугледжвае будаўніцтва першага тэхналагічнага патоку магутнасцю 40 тысяч тон тэхнічнага вугляроду ў год і 70% усёй інфраструктуры завода. Плануецца, што ён стане выпускаць 200 тысяч тон тэхнічнага вугляроду ў год, будзе створана 450 працоўных месцаў. Прадукцыя будзе запатрабавана як на беларуска-расійскім рынку, так і на Захадзе.
У чэрвені ў Магілёве праходзіў Х Міжнародны інвестыцыйны форум «Млын поспеху». Аблвыканкам падпісаў пратакол аб намерах па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з расійскай кампаніяй, якая, як плануецца, створыць у Магілёўскім раёне некалькі цэхаў – па дапрацоўцы насення кукурузы і вытворчасці сродкаў аховы раслін. Усяго ж на Магілёўшчыне працуе каля 300 прадпрыемстваў з расійскім капіталам.
– Што ў першую чаргу вы б хацелі паказаць удзельнікам і гасцям форуму ў сацыяльнай, культурнай, адукацыйнай сферах? У Магілёве, як вядома, паспяхова працуе Беларуска-Расійскі ўніверсітэт – адзін з флагманаў адукацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы...
– Універсітэт з’яўляецца адным з вядучых навукова-адукацыйных цэнтраў Беларусі, у якім навучаецца звыш 5,5 тыс. студэнтаў: як за кошт беларускага бюджэту, так і за кошт сродкаў федэральнага бюджэту Расійскай Федэрацыі. Яго выпускнікі запатрабаваны ў розных галінах эканомікі дзвюх краін. Пры падтрымцы кіраўніцтва краіны завяршаецца будаўніцтва новага вучэбна-лабараторнага корпуса БРУ, у якім будуць створаныя ўнікальныя ўмовы для правядзення лабараторных і практычных заняткаў. У будоўлі прыняў удзел зводны беларуска-расійскіх студатрад.
Што тычыцца святочнай праграмы форуму, будзе працаваць выстава-кірмаш рамёстваў, дзе сваю прадукцыю прадставяць майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пры падтрымцы Міністэрства культуры адбудзецца мноства мерапрыемстваў. У канцэрце «Садружнасць культур – садружнасць народаў» прымуць удзел аматарскія калектывы з Беларусі і Расіі. Пройдзе заключны канцэрт конкурсу музычнага выканальніцкага мастацтва «Юныя таленты рэгіёнаў Магілёўшчыны і Браншчыны». У гала-канцэрце форуму «Разам у будучыню» прымуць удзел Анатоль Ярмоленка і Ядвіга Паплаўская, Анжаліка Агурбаш, Іна Афанасьева, Алёна Ланская, Руслан Аляхно, ансамбль «Песняры». А ў музеі Вітольда Бялыніцкага-Бірулі – знакамітага жывапісца, які нарадзіўся на Магілёўшчыне і жыў у Расіі, – будзе выстаўлена калекцыя карцін з Траццякоўскай галерэі. Наведвальнікі ўбачаць работы тых, з кім Бялыніцкі-Біруля сябраваў, разам ствараў.
Падводзячы вынік, скажу: мы зробім усё, каб форум запомніўся ўдзельнікам і гасцям, стаў важнай вяхой на шляху да далейшай інтэграцыі дзвюх краін.
Павел Мінчанка
Фота – Васіль Цітоў
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 15:35
19.08.2020 - 15:25
18.08.2020 - 20:45
У Магілёве прайшоў мітынг у падтрымку міру, бяспекі і спакою. Відэа
18.08.2020 - 14:02
COVIND-19 і другая хваля: калі чакаць? Адказвае эпідэміёлаг Ірына Бас
17.08.2020 - 11:28
14.08.2020 - 16:43
ЦВК зацвердзіла вынікі выбараў: Прэзідэнтам выбраны Аляксандр Лукашэнка