Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці стартавала кампанія вакцынацыі супраць сезоннага грыпу

У Магілёўскай вобласці стартавала кампанія вакцынацыі супраць сезоннага грыпу. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміла загадчык аддзела эпідэміялогіі абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Наталля Марозава.

У гэтым годзе ў рэгіёне прышчэпкамі супраць грыпу плануецца ахапіць больш за 419,5 тыс. чалавек, што складае больш чым 40% жыхароў рэгіёна. За кошт мясцовых бюджэтаў мяркуецца вакцынаваць 19% грамадзян, за кошт уласных сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый, асабістых сродкаў грамадзян – 8%. Працоўнае насельніцтва рэгіёна плануецца прышчапіць за кошт усіх бюджэтаў на 52%.

Лепш за ўсё прышчапляцца ад грыпу восенню: у кастрычніку-лістападзе, да пачатку сезоннага ўздыму захворвання на грып і ВРВІ, адзначыла Наталля Марозава. На працягу наступных 2-3 тыдняў фарміруюцца антыцелы, якія забяспечваюць абарону на 6-12 месяцаў, затым яны разбураюцца.

«У 2018 годзе для імунізацыі супраць грыпу будзе выкарыстоўвацца расійская вакцына «Грыпол плюс», французская «Ваксігрып» і вырабленая ў Нідэрландах «Інфлювак». Усе супрацьгрыпозныя лекі зарэгістраваны Міністэрствам аховы здароўя Беларусі, маюць вопыт прымянення не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой, – падкрэсліла субяседніца. – Для бясплатнай імунізацыі насельніцтва з груп рызыкі ў рэгіён паступіла вакцына «Грыпол плюс».

Наколькі надзейная абарона выпрацуецца пасля вакцынацыі, залежыць ад шматлікіх фактараў, у тым ліку ад узросту і стану здароўя пацыента, яго індывідуальных асаблівасцяў і г.д. Але ў сярэднім са 100 прышчэпленых 70-98 чалавек не захварэе на грып. Калі ўсё ж прышчэплены чалавек і захварэе, то хвароба будзе працякаць у лёгкай форме і без ускладненняў.

Вірусы грыпу мутуюць з году ў год, таму неабходна штогадовая вакцынацыя супраць грыпу, каб прадухіліць хваробу. «Два з трох варыянтаў вірусаў грыпу, якія ўваходзяць у склад вакцыны у 2018 годзе – новыя, – падкрэсліла Наталля Марозава. – Гэта азначае, што ў эпідэмічным сезоне 2018-2019 года будзе цыркуляваць два невядомыя нашай імуннай сістэме вірусы грыпу. І гэта яшчэ адзін аргумент на карысць вакцынацыі. Мы можам з дапамогай вакцыны «пазнаёміць» і «падрыхтаваць» да сустрэчы наш арганізм з гэтымі новымі варыянтамі віруса грыпу».

Супрацьпаказанняў да вакцынацыі ад грыпу нямнога. Прышчэпку нельга рабіць пры вострых ліхаманкавых станах, у перыяд абвастрэння хранічных захворванняў, пры павышанай адчувальнасці арганізма да яечнага бялку (калі ён уваходзіць у склад вакцыны).

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая