Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі адкрыюць шэраг знакавых аб’ектаў

У Магілёўскай вобласці да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі запланавана адкрыццё шэрагу знакавых аб’ектаў сацыяльна-культурнага, камунальна-бытавога і спартыўнага прызначэння. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў Галоўным упраўленні ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама.

У горадзе на Дняпры да свята маюць намер прымеркаваць адкрыццё новай базы дзяржаўнай установы адукацыі «Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча», у Шклове – футбольнага поля са штучным пакрыццём на базе сярэдняй школы №4. У Асіповічах расчыніць дзверы для наведвальнікаў фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Жамчужына» па вул. Юбілейнай. У Клімавічах пачне працу рэканструяваная кацельня. У Бабруйску ад праспекта будаўнікоў да бульвара Прыбярэзінскі раскінецца пешаходная алея, а па вуліцы Урыцкага адкрыюць шматкватэрны арэндны дом. У Хоцімску да значнай даты прымяркуюць урачыстае ўручэнне мікрааўтобуса ўстановам культуры раёна.

Традыцыйна 7 лістапада на плошчы Леніна ў Магілёве адбудзецца мітынг. Прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі, ветэраны вайны і працы, грамадскасць і моладзь ускладуць кветкі да падножжа помніка правадыру сусветнага пралетарыяту.

Тэматычныя мерапрыемствы да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі пройдуць 2-7 лістапада па ўсёй вобласці. У гэтыя дні запланаваны мітынгі, ускладанні кветак і вянкоў да помнікаў Леніна, кніжныя выставы, інфармацыйныя гадзіны, святочныя канцэрты, спартыўныя мерапрыемствы, выйдуць тэматычныя публікацыі ў СМІ.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая