Рус Бел Eng 中文

Найлепшага «Маладога гаспадара» выберуць у Магілёўскай вобласці 1 лістапада

У Магілёўскай вобласці 1 лістапада правядуць рэгіянальны конкурс «Малады гаспадар». Пра гэта паведамілі ў абласным камітэце Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

Удзельнікамі спаборніцтва стануць каля 25 работнікаў прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі ад 18 да 35 гадоў. Сярод канкурсантаў – аграномы, заатэхнікі, ветурачы, вадзіцелі, трактарысты, выкладчыкі, навучэнцы і іншыя прадстаўнікі вобласці.

Маладыя людзі з усіх раёнаў вобласці выйдуць на сцэну Міхалёўскага сельскага дома культуры (Бабруйскі раён). Яны будуць спаборнічаць у некалькіх конкурсах: «Мая творчасць», «Аўтамабіліст», «Кулінар», «Волат» і інш. Адным з этапаў стане «Самаробкін»– выстава-дэманстрацыя прадметаў хатняга ўжытку, зробленых рукамі ўдзельнікаў. Сумесна з журы гэтыя работы ацэніць экспертная група па некалькіх параметрах: знешні выгляд, арыгінальнасць ідэі і практычная каштоўнасць.

Пераможцам абласнога конкурсу стане той, хто набярэ найбольшую колькасць балаў. Журы вызначыць першае, другое і трэцяе месцы, а таксама ўручыць заахвочвальны дыплом у намінацыі «Самаробкін». Акрамя таго, усіх удзельнікаў узнагародзяць каштоўнымі падарункамі.

Па словах старшыні журы, старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Віктара Гейдэля, конкурс накіраваны на павышэнне прэстыжу працы ў сельскай гаспадарцы, стымуляванне росту прафесійнага майстэрства і матывацыю прафсаюзнага членства, эстэтычнае выхаванне сельскай моладзі, павышэнне цікавасці да культурнага адпачынку.

Пачатак конкурсу – у 10.00.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая