Знаёмы расказаў: дачцэ – маладому спецыялісту, які атрымаў размеркаванне ў раён, – спатрэбілася тэрмінова выехаць у абласны цэнтр. Яна дала заяўку маршрутчыку, які ажыццяўляў рэйсы ў Магілёў, каб ён «падхапіў» яе на прыпынку па трасе, той прыняў заказ. Але праз паўгадзіны ператэлефанаваў і паведаміў, што паездка адмяняецца па прычыне недахопу пасажыраў. Час быў прапушчаны, дзяўчына прыехала ў Магілёў рэйсавым аўтобусам раённага аўтапарка на некалькі гадзін пазней, чым разлічвала, і спазнілася на важную сустрэчу.
З аднаго боку, маршруткі большасці людзей падабаюцца за хуткасць і выгоды. З іншага –некаторыя прыватнікі займаюцца рэгулярнымі (па вызначаным маршруце і раскладзе) перавозкамі пад выглядам нерэгулярных, а таму паездкі «строга па графіку» не гарантуюць. Да таго ж аплата паездкі ў прыватнай маршрутцы не заўсёды суправаджаецца выдачай чэка (ну хіба што яго папросіць пасажыр). Гэта значыць, што частка грошай ідзе «міма касы», не кажучы ўжо пра тое, што калі няма білета, то пасажыру складана разлічваць на страхавую кампенсацыю ў выпадку ДТЗ. Калі б «левыя» грошы перанакіраваць на легальны рынак перавозак, гэта, напэўна, паспрыяла б пашырэнню маршрутнай сеткі і зніжэнню коштаў на білеты.
Прынятыя нядаўна змены ў законе «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», а таксама новая рэдакцыя Правілаў аўтамабільных перавозак пасажыраў і нацэленыя на тое, каб стварыць просты і зразумелы механізм работы на рынку транспартных паслуг, адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Магілёўаблаўтатранс» Валерый Васілеўскі.
– Павінны быць аднолькавыя ўмовы для ўсіх удзельнікаў рэгулярных пасажырскіх перавозак, – падкрэсліў ён. –А мы мелі сітуацыю, калі склалася несумленная канкурэнцыя: «нерэгуляршчыкі» падладжваліся пад расклад рэйсаў афіцыйных рэгулярных перавозчыкаў (дзяржаўных і прыватных) і, папросту кажучы, везлі іх пасажыраў. Пры гэтым «нерэгуляршчыкі», як правіла, працавалі на самых «хлебных» маршрутах, не ездзілі ў аддаленыя аграгарадкі і вёскі. Ад іх незаконнай дзейнасці раённыя аўтапаркі і «Магілёўаблаўтатранс» у цэлым адчуваюць сур’ёзныя эканамічныя страты. Між тым менавіта на «Магілёўаблаўтатранс» ускладзена функцыя па выкананні сацыяльных стандартаў па перавозках пасажыраў, і, нягледзячы на ўсе складанасці, мы яе выконваем. У нас 586 аўтобусных маршрутаў, каля 1000 адзінак аўтобусаў і тралейбусаў. Калі прыватнік выбірае маршрут па прынцыпе выгадна ці не выгадна, то мы на такое не маем права. Жыхар той жа сельскай глыбінкі павінен мець магчымасць наведаць раённую паліклініку, з’ездзіць на рынак, у гарадскія магазіны, у госці да сваякоў і знаёмых. Нашы аўтобусы ідуць па раскладзе незалежна ад колькасці пасажыраў, пры любых умовах надвор’я.
– Але гэта і дзякуючы таму, што пасажырскія перавозкі субсідуе дзяржава.
– Так, сёння кошт праезду на аўтобусах масай звыш 3,5 тоны рэгулюецца дзяржавай. І каб вы ведалі: ні ў адной, нават самай развітай краіне свету пасажырскія перавозкі сябе не акупляюць. Па той простай прычыне, што ёсць загадзя стратныя маршруты, бо тых жа жыхароў глыбінкі без транспартных зносін не пакінеш! Разам з тым субсідаванне не пакрывае ўсіх выдаткаў. Вось мы за 8 месяцаў павялічылі на 15% даходы, але і субсідый атрымалі на 20% менш. А выдаткі растуць – літр дызпаліва, напрыклад, у пачатку гэтага года каштаваў 1,29 рубля, цяпер – 1,47.
Яшчэ важны момант: мы не толькі перавозім пасажыраў па рэгуляваных дзяржавай тарыфах, але і забяспечваем бяспеку паездкі, прад’яўляючы найстражэйшыя патрабаванні і да кіроўцы, і да транспартнага сродку. У нас выключаная магчымасць выхаду кіроўцы ў рэйс без медыцынскага кантролю і тэхнічнага агляду аўтамабіля. Дзяржава ў прынцыпе абавязана арганізоўваць бяспеку перавозак: кантраляваць стан кіроўцы і транспартнага сродку, рэжым працы і адпачынку. Рэйсы рэгулярных перавозчыкаў адсочваюцца па многіх параметрах, а вось за тымі ж «нерэгуляршчыкамі» кантроль аслаблены. Закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» загадвае, што ўсе жадаючыя (незалежна ад формы ўласнасці) ажыццяўляць рэгулярныя перавозкі павінны заключыць дагаворы з аператарамі на абслугоўванне маршрутаў, працаваць па раскладзе і выконваць пэўныя правілы. Напрыклад, аўтобусы рэгулярнага паведамлення павінны быць аснашчаны GPS-навігацыяй, якая, дарэчы, дазваляе не толькі дысцыплінаваць кіроўцаў, але і звесці да мінімуму колькасць кантралюючых органаў на лініі. Мы – за канкурэнцыю! Але яна павінна быць добрасумленнай.
– Новыя змены ў законе «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» дзейнічаюць ужо больш за паўгода – адчулі нейкія перамены?
– У чэрвені рашэннем Магілёўскага аблвыканкама аператарам міжгародніх і міжабласных аўтамабільных перавозак пасажыраў у рэгулярных зносінах вызначана ААТ «АТЭК-Магілёў», якое павінна займацца заключэннем дагавораў з перавозчыкамі з узгадненнем маршрутаў і раскладу, указаннем прыпынкаў і г.д. Наколькі я разумею, працягваецца падрыхтоўчая праца. Ёсць пэўныя пытанні: напрыклад, прыватнікі баяцца конкурсу на права выканання рэгулярных перавозак. Падрыхтаваны праект прэзідэнцкага ўказа аб часовай адмене такога конкурсу для перавозчыкаў, якія працуюць на міжгародніх пасажырскіх маршрутах.
– Пасажыры хацелі б, каб іх інтарэсы не пацярпелі. Галоўная прычына, па якой яны аддавалі перавагу прыватным перавозчыкам, – гэта камфорт, хуткасць (ехаць да месца прызначэння маршруткай хутчэй, чым аўтобусам «Магілёўаблаўтатранса»). Зрабіў заяўку па «мабільніку», інтэрнэце – і мікрааўтобусы забіраюць пасажыраў ва ўмоўленым месцы. Важна, каб і цана білета не біла па кішэні…
– Не думаю, што сэрвіс пагоршыцца. Цэны на праезд мікрааўтобусам рэгулююць самі перавозчыкі. Дарэчы, у мінскім напрамку, акрамя вялікіх аўтобусаў, таксама курсіруюць камфартабельныя мікрааўтобусы «Крафтэр» «Магілёўаблаўтатранс», і кошт праезду ніжэйшы, чым у прыватнікаў. Сістэма браніравання білета таксама захавана ва ўсіх афіцыйных міжгародніх перавозчыкаў: можна замовіць яго і па тэлефоне, і па інтэрнэце. Працуе сэрвіс ticketbus.by – пасажыр можа загадзя купіць і раздрукаваць білет на любы маршрут– у кіроўцы да пачатку рэйса ўжо будзе спіс пасажыраў, якія скарысталіся такой паслугай. Рэгулярныя перавозчыкі па-ранейшаму могуць збіраць людзей на прыпынках у горадзе і па маршруце з аплатай білета праз касавы апарат у кіроўцы.
– Што робяць аўтапаркі, каб знізіць страты, сабекошт перавозак?
– Страты ад сацыяльна значных пасажырскіх перавозак павінны ў першую чаргу кампенсавацца з бюджэту. У той жа час з мэтай мінімізацыі страт мы развіваем іншыя віды дзейнасці, атрымліваем ад іх прыбытак. Аўтапаркі займаюцца перавозкай грузаў – у прыватнасці, Магілёўскі аўтобусны парк №1, акрамя 270 аўтобусаў, валодае 130 грузавымі машынамі. Гэта цэлы аўтакамбінат! Выконваем міжнародныя перавозкі пасажыраў (самы доўгі рэйс Бабруйск – Масква), ажыццяўляем экскурсійныя паездкі і на дагаворных пачатках. Аўтапаркі таксама аказваюць паслугі па тэхнічным абслугоўванні, дыягностыцы і рамонце аўтамабіляў, перадрэйсавых тэхнічныхі медыцынскіх аглядах, шынамантажу і інш. Паволі абнаўляем парк тэхнікі – для перавозак пасажыраў набылі сёлета 13 вялікіх аўтобусаў, да канца года закупім яшчэ 12 мікрааўтобусаў. Трэба было б абнаўляць аўтапарк на 10%, пакуль не атрымліваецца. Тым не менш, тэхніка выходзіць на лінію ў спраўным стане, у гэтым вялікая заслуга спецыялістаў прадпрыемства, якія праводзяць усе неабходныя рэгламентныя і рамонтныя работы.
– Дарэчы, магілёўцам вельмі спадабаліся электробусы, плануецца папоўніць іх лік? Наколькі гэта эканамічна апраўдана?
– Абслугоўванне і будаўніцтва кантактнай тралейбуснай сеткі абыходзіцца ў немалую капеечку. Па вопыце эксплуатацыі электробусаў мы прыйшлі да высновы, што эканамічна яны больш выгадныя, чым тралейбусы. Планавалася ўжо ў гэтым годзе набыць некалькі электробусаў, але грошай ні ў нас, ні ў бюджэце не знайшлося. Спадзяёмся закупіць новыя машыны ў будучым годзе. Хацелася б, каб і «Белкамунмаш» больш актыўна працаваў над зніжэннем кошту электробуса – ён нашмат даражэйшы за тралейбус.
– У правілах аўтаперавозак пасажыраў уведзеныяазначэнні тэрмінаў «валідатар», «інфармацыйная сістэма продажу білетаў». Ці плануецца ўводзіць электронны праязны білет, адмовіцца ад паслуг кандуктараў?
– Інфармацыйная сістэма па браніраваннібілетаў па інтэрнэце ў арганізацыях «Магілёўаблаўтатранс» ужо працуе. Яшчэ адна інфармацыйная навінка – дадатак «Яндэкс. Транспарт» для смартфона, які можна спампаваць на сайце нашага прадпрыемства. На экране смартфона адаб’ецца карта горада, і карыстальнікі могуць у рэжыме рэальнага часу сачыць за перамяшчэннем грамадскага транспарту, убачыць, калі аўтобус патрэбнага маршруту падыдзе да прыпынку. Дадатак працуе ў Магілёве і Бабруйску, на падыходзе – Крычаў і Асіповічы.
Праграмай развіцця прадпрыемства мяркуецца і ўкараненне электроннага білета ў гарадскім грамадскім транспарце. Але пытанне: хто будзе фінансаваць такі праект. І якім павінен быць электронны білет? У выглядзе пластыкавай карты, якую трэба будзе прыкладаць да валідатара? Ці, дапусцім, у выглядзе віртуальнага талона на смартфоне, які можна набыць з дапамогай спецыяльнага дадатку, прывязанага да банкаўскай карты? І ці ёсць эфектыўныя спосабы забяспечыць паўнату выручкі без кантралёраў, не дапусціць безбілетнага праезду? На сённяшні дзень служба кандуктараў сябе апраўдвае.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
12.08.2020 - 16:51
Сенатар Дзячэнка: спробы палітычных экстрэмістаў дэстабілізаваць сітуацыю ў Беларусі абуральныя
06.08.2020 - 12:31
05.08.2020 - 15:32
Сяргей Новікаў: «Мой голас – за стабільнае развіццё нашай краіны і беларускага спорту»
20.07.2020 - 16:45
Людзі цэняць складаную працу брыгад хуткіх – намеснік кіраўніка Бабруйскай станцыі хуткай дапамогі
11.07.2020 - 18:06