5 лістапада 2018 года найбуйнейшае прадпрыемства хімічнай галіны краіны – ААТ «Магілёўхімвалакно» – адзначыла 50-годдзе з дня атрымання першай прадукцыі.

Але гісторыя яго пачалася значна раней, у чэрвені 1965 года, калі ўрадам СССР было прынята рашэнне аб будаўніцтве Магілёўскага камбіната сінтэтычнага валакна. Будаўніцтва пачалося на ўскраіне Магілёва ў чыстым полі. З усіх куткоў СССР на ўсесаюзную ўдарную камсамольскую будоўлю з’язджаліся спецыялісты. Першымі вытворчымі аб’ектамі былі трансфарматарная падстанцыя, пад’язныя шляхі і ЦЭЦ-2. Следам узводзіліся цахі і лабараторыі хімкамбіната. А ўжо праз тры гады быў уведзены ў строй першы пускавы комплекс. Падзея стала знакавай для прадпрыемства, горада і краіны – магутнасці хімкамбіната ствараліся для патрэб усяго Савецкага Саюза. Адразу пасля пуску англійскі штотыднёвік «Сандзі таймс» працытаваў англійскіх спецыялістаў, якія ажыццяўлялі шэф-мантаж абсталявання: «Тое, што зрабілі рускія пад Магілёвам у рэкордны тэрмін, дастойна подзвігу».
Для абласнога цэнтра хімкамбінат стаў больш, чым прамысловае прадпрыемства. З яго развіццём рос і мяняў сваё аблічча горад: быў узведзены жылы масіў Задняпроўе са школамі, дзіцячымі садамі, інтэрнатамі, крамамі, паліклінікамі, школай мастацтваў, Палацам культуры, дзіцячым паркам атракцыёнаў, пабудавана «лаўсанаўская» бальніца (цяпер Магілёўская бальніца №1), спартыўны комплекс, ачышчальныя збудаванні, якія пасля сталі гарадскімі, санаторый-прафілакторый. Дзякуючы хуткарастучаму хімічнаму гіганту ў горадзе ўзвялі другі мост праз Днепр, пусцілі першы гарадскі тралейбус.
Да сярэдзіны васьмідзясятых мінулага стагоддзя прадпрыемства ўяўляла з сябе цэлы горад, які расцягнуўся на сотні гектараў зямлі. Тут было створана адно з першых у рэгіёне сумесных прадпрыемстваў. У падраздзяленнях хімгіганта, якія выпускаюць поліэфірныя валокны і ніткі, а таксама зыходную для іх сыравіну – дыметылтэрафталат, працавала больш за 20 тысяч чалавек.

Распад Савецкага Саюза прывёў да змянення эканамічных і вытворчых сувязяў паміж прамысловымі прадпрыемствамі. У асабліва цяжкае становішча патрапілі гіганты індустрыі, якія мелі раней саюзнае падпарадкаванне. У іх ліку і Магілёўскі хімкамбінат: за межамі Беларусі апынуліся яго асноўныя крыніцы сыравіны, амаль 90% рынку збыту гатовай прадукцыі, навукова-даследчыя і праектныя інстытуты. Але прадпрыемства выстаяла, рэалізаваўшы некалькі інвестпраектаў і заваяваўшы новыя рынкі збыту ў Еўропе і Азіі.

Не здае свае пазіцыі «Магілёўхімвалакно» і сёння: па ўдзельнай вазе прамысловай вытворчасці акцыянернае таварыства ў першай тройцы прадпрыемстваў вобласці, яму належыць каля 25% у агульным аб’ёме прамысловай вытворчасці Магілёва.
Сёння хімпрадпрыемства пастаўляе прадукцыю больш чым у 25 краін свету. Ад яго дзейнасці шмат у чым залежыць дабрабыт не толькі яго супрацоўнікаў і іх сем’яў, але і бюджэт горада, рэгіёна, а таксама праца двух дзясяткаў беларускіх прадпрыемстваў, для якіх яно пастаўляе сыравіну.
Свой заўтрашні дзень ААТ «Магілёўхімвалакно» звязвае з будаўніцтвам новага поліэфірнага комплексу. Асноўная яго мэта – мадэрнізацыя існуючай вытворчасці з правядзеннем комплексу мерапрыемстваў для ажыццяўлення поўнага пераходу на сучасную тэхналогію выпуску поліэфірнай прадукцыі з тэрафталевай кіслаты (ТФК).
Рэалізацыя праекта «Комплекс па вытворчасці поліэфірнай прадукцыі» пачата ў 2015 годзе. Ім прадугледжана рэканструкцыя існуючых і будаўніцтва новых вытворчасцяў поліэтылентэрафталата (ПЭТ), поліэфірнага валакна і тэхнічных нітак. Праект разлічаны на два этапы. У межах першага вядзецца рэканструкцыя хімічнага цэха №2 вытворчасці арганічнага сінтэзу з арганізацыяй вытворчасці поліэфірнага валакна спосабам прамога фармавання магутнасцю 50 тысяч тон за год. З гэтага аб’ёму каля 25 тысяч тон на год прадпрыемства плануе выпускаць валакно тыпу канжугейт, цана якога вышэйшая, чым на стандартныя аналагі. Новае абсталяванне дазволіць наладзіць выпуск такіх асартыментаў сінтэтычнага валакна, якія запатрабаваны на рынках далёкага і блізкага замежжа. Акрамя гэтага, увод у эксплуатацыю новай лініі дасць магчымасць павялічыць аб’ёмы вытворчасці і нарасціць экспартныя пастаўкі. Запуск вытворчасці па выпуску поліэфірнага валакна спосабам прамога фармавання ААТ «Магілёўхімвалакно» плануе ў снежні бягучага года.
Другая чарга інвестыцыйнага праекта па развіцці прадпрыемства прадугледжвае будаўніцтва тэхналагічна ўвязаных паміж сабой ўстаноўкі бесперапыннай полікандэнсацыі ПЭТ, ліній па вытворчасці поліэфірнага валакна, устаноўкі даполікандэнсацыі і вытворчасці тэхнічных нітак. Гэты праект ацэньваецца прыкладна ў 120 мільёнаў еўра, а ўвод у эксплуатацыю яго новых вытворчасцяў плануецца ў 2023-2024 гадах.
Што атрымае ААТ «Магілёўхімвалакно», рэалізаваўшы праект? У прадпрыемства будзе магчымасць цалкам перайсці на сучасную тэхналогію вытворчасці ПЭТ з ТФК. Акрамя таго, комплексная рэалізацыя праекта дасць магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць поліэфірнага валакна і нітак. Будуць выведзены з эксплуатацыі затратныя, састарэлыя вытворчасці ДМТ і поліэфірнай прадукцыі на яго аснове, іх цалкам замесцяць новыя вытворчасці.
Запуск больш сучасных вытворчасцяў для прадпрыемства з паўвекавой гісторыяй – справа не новая. З моманту атрымання першага беларускага лаўсана на яго пляцоўцы рэалізавана вялізная колькасць розных па профілі і аб’ёмах праектаў. За кожным з іх – канкрэтныя людзі, іх прафесіяналізм, багаты вопыт, настойлівасць і працавітасць. А гэта і ёсць галоўнае багацце і галоўны патэнцыял хімічнага гіганта.
Сёння ў ДК вобласці адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае падзеі паўвекавой даўнасці. У ім прынялі ўдзел тыя, хто пачынаў гісторыю прадпрыемства, ветэраны працы і прадстаўнікі цяперашняга працоўнага калектыву.
Тэкст - газета «Магілёўская праўда»
Фота з архіва ААТ «Магілёўхімвалакно»
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
13.08.2020 - 15:17
29.07.2020 - 12:46
10.07.2020 - 14:16
09.07.2020 - 15:34