На адным з самых значных для Мсціслава аб’екцтаў – касцёле езуітаў – зноў ажыўленне: супрацьаварыйныя работы пачалі будаўнікі з Магілёва – падрадная арганізацыя будтрэста №12.
Культавы будынак – Езуіцкі касцёл у стылі барока – размешчаны амаль у самым цэнтры горада. Пабудаваны ў 1730 годзе пры падтрымцы караля Жыгімонта III, ён шмат гадоў быў адным з галоўных упрыгожванняў старажытнага Мсціслава. Але ў апошнія гады знаходзіўся ў аварыйным стане. Мясцовыя ўлады спрабавалі выратаваць помнік архітэктуры XVIII стагоддзя: за кошт раённага бюджэту і ахвяраванняў мясцовых жыхароў аднавілі некалькі будынкаў на тэрыторыі ансамбля былога калегіума езуітаў. Аднак сам касцёл, які называюць адной з архітэктурных жамчужын Мсціслаўшчыны, не пацягнулі. У выніку ў снежні 2017-га яго сцяна павалілася.

Пасля гэтага сам будынак абгарадзілі, а ў змешчаных побач школе мастацтваў і цэнтры дзіцячай творчасці часова прыпынілі заняткі. Выхаванцаў загадам раённай пракуратуры размеркавалі па іншых школах. Хоць наваселле яны справілі параўнальна нядаўна. Дзіцячая школа мастацтваў размясцілася ў старадаўнім будынку з чырвонай цэглы ў 2012 годзе, на рэстаўрацыю якога – яна ішла за кошт раённага, абласнога бюджэтаў, дапамогі прадпрыемстваў, ахвяраванняў землякоў – пайшло каля Br3 млрд. На рамонт старажытнага флігеля побач з касцёлам, дзе пасяліўся цэнтр дзіцячай творчасці, выдаткавалі больш за Br43, 5 тыс. Каб дзеці сюды вярнуліся, трэба было тэрмінова вырашыць, як быць з касцёлам езуітаў. І мясцовыя ўлады звярнуліся да жыхароў краіны з просьбай унесці лепту ў захаванне помніка архітэктуры.
Інфармацыя аб касцёле і аб тым, што ён мае патрэбу ў дапамозе, з’явілася на сайтах Мсціслаўскага райвыканкама, Магілёўскага аблвыканкама, Міністэрства культуры. І на рахунак дабрачыннага фонду «Адраджэнне» сталі паступаць грошы. Усяго сабралі каля Br13 тыс., Br10 тыс. з якіх ужо накіравалі на супрацьаварыйныя працы.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўскага райвыканкама Наталля Біскуп удакладняе:
– Першапачаткова ў касцёле працавалі спецыялісты мясцовага гарводаканала. Некалькі месяцаў расчышчалі завалы, вывозілі будаўнічае смецце. А ў жніўні ў горад прыехала спецыяльная камісія, якая павінна была вырашыць лёс помніка архітэктуры. У яе склад увайшлі прадстаўнікі райвыканкама, аблвыканкама, Рэспубліканскага цэнтра па рэстаўрацыі, Міністэрства культуры. У выніку на аб’екце аднавіліся работы. Галоўная задача на сёння – зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць далейшага разбурэння храма. Для пачатку будаўнікі здымуць дах, умацуюць металічнай арматурай, сцяжкамі сцены і калоны, а на зіму зноў атуляць будынак ад непагадзі часовым дахам.
Усяго ў Мсціслаўскім раёне– 22 помнікі архітэктуры. Іх паступова прыводзяць у парадак. За кошт дабрачынцаў, якія ахвяравалі каля Br300 тыс., у 2016-м аднавілі паўразбураную Траецкую царкву XIX стагоддзя ў Мсціславе. Сёння тут духоўны цэнтр з нядзельнымі школамі для дзяцей і дарослых. Адраджаецца і старажытны храм на тэрыторыі Свята-Успенскага Пустынскага манастыра. Хочацца верыць, што не страціць Мсціслаў і касцёл езуітаў. На яго поўнае аднаўленне патрэбныя велізарныя грошы, так што пакуль ідзе гаворка пра кансервацыю помніка архітэктуры. Начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Алег Стальмашок удакладніў, што на гэтыя мэты і супрацьаварыйныя работы з абласнога бюджэту ўжо выдзелена каля Br100 тыс.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
13.08.2020 - 15:17
29.07.2020 - 12:46
10.07.2020 - 14:16
09.07.2020 - 15:34