Рус Бел Eng 中文

Памятны знак загінулым супрацоўнікам міліцыі адкрылі ў Бабруйску

У Бабруйску каля будынка УУС гарвыканкама адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця памятнага знака супрацоўнікам міліцыі, якія загінулі пры выкананні воінскага і службовага абавязку.

На стэле з чырвонага граніту выгравіраваны імёны 20 бабруйскіх міліцыянераў, якія загінулі пры выкананні службовага і воінскага абавязку ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў мірны час. Ініцыятарамі стварэння памятнага знака сталі афіцэрскі сход УУС Бабруйска, гарадскі Савет ветэранаў АУС і ВВ пры падтрымцы Бабруйскага гарвыканкама.

«Вось ужо цэлае стагоддзе, як днём і ноччу супрацоўнікі бабруйскай міліцыі, не шкадуючы сіл, а часта і рызыкуючы жыццём, стаяць на варце законнасці і правапарадку, адзначыў намеснік міністра ўнутраных спраў – камандуючы ўнутранымі войскамі генерал-маёр Юрый Караеў. – Мы нізка схіляем галовы перад светлай памяццю загінулых супрацоўнікаў. У цяжкую хвіліну выбару яны паступілі так, як загадаў ім доўг, – ахвяруючы сабой, перамаглі ворага, прыкрылі грудзьмі таварышаў, выратавалі ад бяды грамадзян, аддаўшы самае каштоўнае – сваё жыццё».

Намеснік міністра падкрэсліў, што загінулыя бабруйскія міліцыянеры з’яўляюцца прыкладам таго, якім павінен быць супрацоўнік органаў унутраных спраў: ставіць абарону свайго народа і абавязак перад Радзімай вышэй за ўласнае жыццё. «Памятны знак, які мы адкрываем сёння, з’яўляецца працягам карапатлівай працы па ўвекавечанні памяці герояў, якая праводзіцца афіцэрскімі сходамі і ветэранскімі арганізацыямі органаў унутраных спраў. А значыць, у нашых радах не толькі прафесіяналы сваёй справы, але і людзі, якія верныя службовым традыцыям і не забываюць подзвігі сваіх папярэднікаў», – адзначыў ён.

«Глыбока сімвалічна, што векавы юбілей бабруйскай міліцыі адзначаецца ў адзін год са 100-годдзем міліцыі Магілёўскай вобласці. Гэта надае мерапрыемству асаблівую ўрачыстасць і накладае высокую адказнасць на тых, хто стаіць на варце правапарадку сёння, застаючыся вернымі абавязку і прысязе», – сказаў Юрый Караеў.

Ён цёпла павіншаваў удзельнікаў мерапрыемства са 100-гадовым юбілеем бабруйскай міліцыі і падзякаваў асабістаму складу Бабруйскага гарнізона за добрасумленную службу і адданасць абранай прафесіі.

Да памятнага знака былі ўскладзены кветкі, а ля яго падножжа заклалі капсулу з пасланнем нашчадкам.

Урачыстасці, прысвечаныя 100-годдзю бабруйскай міліцыі, працягнуліся афіцэрскім сходам і святочным канцэртам у Палацы мастацтваў горада на Бярэзіне.

Тэкст - БЕЛТА

Фота - bobrlife.by
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая