Рус Бел Eng 中文

У Магілёве створаны тры камісіі для каардынацыі працы па садзейнічанні занятасці насельніцтва

Каардынацыю работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва ў Магілёве будуць ажыццяўляць тры камісіі, паведаміў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай рэалізацыі ў горадзе Дэкрэта аб садзейнічанні занятасці насельніцтва, старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Кіблоў.

Для зручнасці гараджан яны размяшчаюцца па тэрытарыяльным прынцыпе і прывязаны да разлікова-касавых цэнтраў (РКЦ). Так, Магілёўская гарадская камісія: для жыхароў, якія абслугоўваюцца РКЦ № 3 і 4, Ленінская і Кастрычніцкая раённыя камісіі для жыхароў, якія абслугоўваюцца ў РКЦ № 1, 2 і 5 адпаведна. Зацверджаны графік працы камісій, якія павінны праводзіць пасяджэнні не радзей, чым два разы на месяц, разглядаць звароты грамадзян і прымаць па іх адпаведныя рашэнні.

«У нас ужо маецца папярэдняя (аператыўная) база дадзеных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, і мы вядзём з многімі інфармацыйную і тлумачальную працу. Поўная, афіцыйная версія будзе гатовая да 1 снежня, і тады гэтая работа будзе актывізавана», – адзначыў Андрэй Кіблоў. Ён нагадаў, што з 1 студзеня 2019 года гэтая катэгорыя грамадзян будзе аплачваць паслугу гарачага водазабеспячэння па цэнах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў.

Па словах Андрэя Кіблова, на сесіях гарсавета неаднаразова разглядалася пытанне садзейнічання занятасці і сумесна з мясцовымі органамі ўлады былі выпрацаваны рэкамендацыі, якія тычацца паляпшэння сітуацыі на рынку працы. «У прыватнасці, адзін з галоўных акцэнтаў мы маем намер зрабіць на паляпшэнні ў абласным цэнтры бізнес-асяроддзя, актыўна развіваць малы і сярэдні бізнес і за кошт гэтага стымуляваць самазанятасць насельніцтва», – адзначыў старшыня гарсавета. У горадзе ў апошні час назіраецца рост колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб, прыкметна зніжаецца працэнт іх ліквідацыі. Толькі за студзень-верасень зарэгістравалася 1 165 ІП і 220 арганізацый, дадаў ён.

Грамадзяне, якія ў цяперашні час не занятыя ў эканоміцы, могуць звярнуцца па садзейнічанне ў працаўладкаванні ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага гарвыканкама. На сённяшні дзень у горадзе ёсць 2 987 вакансій, з іх амаль 70% – па рабочых прафесіях.

Інфармацыя аб парадку ўключэння ў спіс грамадзян, не занятых у эканоміцы, аб крытэрыях, паводле якіх будуць адносіць да занятых у эканоміцы, а таксама аб рэалізацыі Дэкрэта аб садзейнічанні занятасці насельніцтва размешчана на афіцыйным сайце Магілёўскага гарвыканкама.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая