Рус Бел Eng 中文

За выхадныя ў Магілёўскай вобласці адбылося 13 пажараў, загінулі два чалавекі

За выхадныя ў Магілёўскай вобласці адбылося 13 пажараў, загінулі два чалавекі. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміла старшы інспектар Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

Так, 2 снежня каля паловы першай ночы ў службу МНС ад прахожых паступіла паведамленне аб гарэнні дома па вул. Глінкі г. Бабруйска. Паводле слоў суседзяў, гаспадар памёр 16 гадоў таму, у хаце ніхто не пражываў. Як высветлілася, яны памыляліся. На падлозе выратавальнікі без прыкмет жыцця знайшлі двух мужчын, якія самавольна праніклі ў жыллё. Асобы загінулых высвятляюцца. У выніку ўзгарання знішчана маёмасць у адным з пакояў, закураны сцены і столь у доме. Меркавана, пажар мог пачацца праз неасцярожнасць пры курэнні. Праверку па факце гібелі праводзіць Бабруйскі міжраённы аддзел Следчага камітэта.

Нягледзячы на тое, што дачны сезон ужо закрыты, 66-гадовая магіляўчанка рэгулярна наведвалася на сваё лецішча, размешчанае ў в. Запакулле Бялыніцкага раёна. І гэтыя выхадныя не сталі выключэннем. Жанчына прыбрала ў доме, пратапіла ў печы і з’ехала ў горад. А ўжо вечарам ратавальнікі ліквідавалі ўзгаранне дачы. У выніку пажару знішчаны дах, пашкоджана перакрыцце, маёмасць і сцены. Меркаваная прычына здарэння – парушэнне правілаў эксплуатацыі печы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая