Рус Бел Eng 中文

Лісяня Лёсік стане талісманам II Еўрапейскіх гульняў у Мінску

У Мінску прадставілі талісман II Еўрапейскіх гульняў. Сімвалам галоўнай спартыўнай падзеі ў Беларусі ў наступным годзе стане лісяня Лёсік.

Арганізатары расказалі легенду пра з’яўленне Лёсіка, якая аб’ядноўвае вядомы ва ўсім свеце твор літаратуры і беларускую міфалогію. У казцы пра маленькага прынца было лісяня, якое навучыла галоўнага героя сапраўднай дружбе. Аднак калі Маленькі Прынц паляцеў на сваю планету, лісяня засталося, і ўсе яго думкі былі толькі аб тым, як знайсці новых сяброў. Пошукі былі доўгімі, лісяняці даводзілася пастаянна прыслухоўвацца, таму яго вушы прыкметна выраслі, але аднойчы яно даведалася, што існуе кветка, якая выконвае ўсе жаданні, – легендарная беларуская папараць-кветка. Лісяня адправілася ў Беларусь, каб знайсці яе і выканаць сваю мару. Шлях у яго быў няблізкім, яму давялося зрабіць мільён крокаў, што можа даказаць яго фітнес-бранзалет.

Лёсік апрануты ў шорты і майку, на ім бейсболка з надпісам-слоганам II Еўрапейскіх гульняў. Яго колеры адпавядаюць духу спаборніцтваў: чорны сімвалізуе рашучасць, жоўты – жыццярадаснасць, зялёны – развіццё, сіні – нязломнасць, а чырвоны – энергічнасць.

Намеснік дырэктара фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019» Анатоль Котаў расказаў, што арганізатары пры выбары талісмана атрымалі каля 2 тыс. работ. «Пасля таго як былі адабраны фінальныя варыянты, над ім яшчэ паўгода працавалі прафесійныя мастакі. Упэўнены, талісман будзе ўсім дарыць свята падчас падрыхтоўкі і правядзення гульняў. Хочацца, каб гэтае лісяня стала сапраўдным сябрам балельшчыкаў усяго свету», – сказаў Анатоль Котаў.

Першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Павел Лёгкі дадаў, што ўдзел у конкурсе прымалі як дзеці, так і прафесійныя мастакі. «Каля 500 работ з Мінска, 1500-з рэгіёнаў нашай краіны, нават з Узбекістана і Егіпта былі прапановы. Вядома, самае складанае – вызначыцца з пераможцам, таму прынялі рашэнне вылучыць групу лаўрэатаў конкурсу – яны не перамаглі, але мы заахвоцілі іх падчас прэзентацыі талісмана», – адзначыў ён.

Талісман Лёсік ужо актыўны ў сацсетках, у яго з’явілася свая старонка ў Instagram-Lesik_2019.

II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня 2019 года. Больш за 4 тыс. спартсменаў разыграюць 200 камплектаў медалёў у 15 відах спорту. Спаборніцтвы ў дзевяці відах стануць кваліфікацыйнымі да Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа.
 

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая