Больш за 100 мерапрыемстваў запланавана ў Магілёве да Новага года і Каляд. Пра гэта паведаміла начальнік упраўлення культуры гарвыканкама Ірына Жабарава.
У чарадзе святочных забаў знайшлося месца як для ўпадабаных жыхарам абласнога цэнтра мерапрыемстваў, так і для новых. Многія традыцыйныя дзействы памяняюць фармат. Нязменнымі застануцца іх душэўная атмасфера, маляўнічасць і запал.
Выстава-кірмаш «Калі ёлкі былі вялікімі…»
Пераднавагодняя праграма стартуе ўжо 10 снежня з адкрыцця выставы-кірмашу «Калі ёлкі былі вялікімі...» у Гарадской выставачнай зале. Свае вырабы прадставіць грамадскае аб’яднанне магілёўскіх рамеснікаў «Шчырая майстэрня». Умельцы таксама правядуць майстар-класы, падчас якіх магілёўцы змогуць зрабіць навагоднія цацкі сваімі рукамі і ўпрыгожыць імі ўсталяваную ў зале ёлку.
Тут жа размесціцца выстава асабліва цёплых фатаграфій. У яе фарміраванні запрашаюць прыняць удзел жыхароў горада на Дняпры. У кожнага ў фотаальбоме ёсць дарагія сэрцу здымкі, дзе захаваны шчаслівыя моманты святкавання Новага года ў дзяцінстве – дома з сям’ёй, у дзіцячым садзе, на вуліцы. Гэтыя работы могуць стаць часткай экспазіцыі, варта толькі прынесці іх у выставачную залу да 9 снежня.
Святочны кірмаш «Гарадок навагодніх жаданняў»
Святочны кірмаш «Гарадок навагодніх жаданняў» адкрыецца ў Камсамольскім скверы 25 снежня. Штодня да 31 снежня з 10.00 тут будуць прадаваць тэматычную сувенірную прадукцыю, цацкі, ёлачныя ўпрыгожванні, гірлянды, карнавальныя касцюмы, жывыя і штучныя елкі. Арганізуюць фотазоны і месцы для адпачынку. Запланаваны канцэртныя і тэатралізаваныя прадстаўленні з забавамі, гульнямі і сувенірамі.
Цырымонія запальвання агнёў на галоўнай ёлцы Магілёва
Адкрыццём асноўных навагодніх і калядных мерапрыемстваў паслужыць цырымонія запальвання агнёў на галоўнай ёлцы Магілёва 22 снежня на плошчы Леніна.
Перад пачаткам дзейства каля абласнога дыягнастычнага цэнтра адбудзецца танцавальны флэшмоб з удзелам гараджан і навагодніх персанажаў.
Затым на сімвалічным троне Дзед Мароз і Снягурка ў суправаджэнні світы з казачных герояў і пад музыку духавога аркестра пройдуць да галоўнай ёлкі. На плошчы Леніна вясёлая казачная кампанія зробіць круг пашаны, павіншуе ўсіх з надыходзячымі святамі і запаліць агні на зялёнай Прыгажуні з удзелам кіраўніцтва горада.
Працягне вечар мюзікл па рускай народнай казцы «Марозка» і моладзевая дыскатэка.
Ледзяная рэзідэнцыя Дзеда Мароза
У Паднікольскім парку Магілёва пабудуюць ледзяную рэзідэнцыю галоўнага персанажа Новага года. З лёду, які прыбудзе з Урала ўжо на наступным тыдні, зробяць вялікія фігуры Дзеда Мароза і Снягуркі, трон, аленевую запрэжку, казачны лес.
Адкрыццё рэзідэнцыі адбудзецца 25 снежня. А з 23 снежня па 1 студзеня тут штодзённа з 13.00 да 14.00 будзе праходзіць навагодні перформанс «Чараўніцтва ў зімовым парку».
Анлайн-атракцыён «Інтэрактыўны Дзед Мароз»
На плошчы Зорак з 26 па 30 снежня з 17.00 да 18.30 і 31 снежня з 13.00 да 14.30 арганізуюць анлайн-атракцыён «Інтэрактыўны Дзед Мароз». Кожнае дзіця, і нават дарослы, зможа патэлефанаваць галоўнаму казачнаму персанажу і ў рэжыме рэальнага часу праз святлодыёдны экран пагутарыць з ім.
Штодзённая праграма на плошчы Зорак
З 25 студзеня пачне актыўна працаваць святочная сцэна на плошчы Зорак. Штодня з 13.00 да 21.00 тут будуць праходзіць канцэрты і забаўляльныя праграмы, у тым ліку прадстаўленне для дзяцей «Навагодняя казка казак, або таямніца чароўнага кія», крэатыў-праект «Навагодняя скарбонка добрага настрою», моладзевыя дыскатэкі, адкрытыя кінапаказы навагодніх рэтра-фільмаў.
Тэатралізаванае шэсце
Традыцыйна 25 снежня ў Магілёве адбудзецца тэатралізаванае пераднавагодняе шэсце. Яно стартуе ў 12.00 з вуліцы Міронава і пройдзе па вуліцы Першамайскай да плошчы Славы.
На чале карнавальнай калоны будуць ехаць на квадрацыклах галоўны Дзед Мароз горада са Снягуркай. За імі пройдуць вялікія ёлачныя шары і сімвалы Новага года – жывыя парасяты.
Усяго магілёўцаў павітае каля 250 Дзядоў Марозаў ад прадпрыемстваў і навучальных устаноў горада. У тэатралізаваным паказе задзейнічаюць шмат іншых казачных і навагодніх персанажаў: Снежную каралеву, Шчаўкунчыка, Санта-Клауса, снегавікоў, гномаў. Фіналам шэсця стане навагодні карнавал.
Лыжны забег Дзядоў Марозаў
У Паднікольскім парку Магілёва 29 снежня адбудзецца навагодні лыжны забег «Самы хуткі Дзед Мароз». Паўдзельнічаць у спаборніцтве змогуць усе, хто пажадае. Абавязковая ўмова – у касцюме Дзеда Мароза ці хаця б з элементамі такога касцюма.
Працягласць маршруту складзе да 1 км. Калі будуць заяўкі ад юных магілёўцаў, то для іх зробяць асобны забег на больш кароткую дыстанцыю.
Навагодняя ноч
Асноўныя гулянні ў навагоднюю ноч разгорнуцца на плошчы Славы з 1.00 да 5.00. Падчас танцавальна-забаўляльнай праграмы «Таямніца навагодняй ночы» Снягурка разам з магілёўцамі і казачнымі памочнікамі будзе шукаць Дзеда Мароза, які згубіўся.
Святкаванні з 1.00 да 3.00 пройдуць і на іншых адкрытых пляцоўках горада: каля Дома культуры ААТ «Магатэкс», па вул. С. М. Кірава, каля кінатэатра «Космас».
Акцыя па вырабе фігур са снегу
Напярэдадні праваслаўнага Раства, 5 студзеня ў 12.00, у Падніколлі запланавана правядзенне акцыі па вырабе фігур са снегу «Магілёў, я дару табе казку!». Чакаецца ўдзел не менш за 20 каманд, якія прадставяць навучальныя ўстановы, установы і прадпрыемствы. Найлепшыя працы будуць адзначаны салодкімі прызамі.
Народнае свята «Каляды»
У 2019 годзе для правядзення народнага свята «Каляды» задзейнічаюць дзве пляцоўкі.
Апоўдні магілёўцаў і гасцей горада на цэнтральнай сцэне Пячэрскага лесапарку чакае тэатралізаваны паказ, забаўляльная праграма з жартамі, прымаўкамі, анекдотамі, рухомымі гульнямі, танцамі, віктарынамі і конкурсамі.
Падчас мерапрыемства будзе арганізаваны гарадскі конкурс «У зімовым лесе». Традыцыйнае спаборніцтва «Добрая ўшыца наша!» заменіць кулінарнае спаборніцтва па падрыхтоўцы розных супоў. Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца да 1 студзеня. Найлепшай стане не толькі каманда, якая прыгатуе самую смачную страву, але і вызначыцца ва ўменні жартаваць, весці здаровы лад жыцця.
Адначасова на плошчы Зорак адбудзецца тэатралізаванае прадстаўленне «Пайшла Каляда калядуючы».
На абедзвюх пляцоўках будуць працаваць пункты грамадскага харчавання і аб’екты рознічнага гандлю.
Платнымі будуць толькі два мерапрыемствы
Практычна ўсе навагоднія і калядныя мерапрыемствы, заяўленыя ў праграме, будуць бясплатнымі. Квіткі прадугледжаны толькі на два з іх. Гэта канцэрт «Каляды з капэлай» у гарадскім Цэнтры культуры і вольнага часу і традыцыйны калядны канцэрт дзіцячых школ мастацтваў Магілёва ў Палацы культуры вобласці. Арганізатары апошняга падрыхтавалі для жыхароў горада на Дняпры займальную музычную гісторыю пад назвай «Забавы ля каляднай ёлкі». Гледачоў чакаюць захапляльныя танцы, меладычныя песні і віртуозныя інструментальныя творы. У канцэрце прымуць удзел творчыя калектывы, лаўрэаты і стыпендыяты розных конкурсаў.
У фае ўстановы культуры таксама адбудзецца выстава дзіцячых творчых работ. Тут будуць прадстаўлены вырабы ў розных жанрах – жывапіс, акварэль, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.
ПРАГРАМА навагодніх і калядных мерапрыемстваў у Магілёве
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 15:35
19.08.2020 - 15:25
18.08.2020 - 20:45
У Магілёве прайшоў мітынг у падтрымку міру, бяспекі і спакою. Відэа
18.08.2020 - 14:02
COVIND-19 і другая хваля: калі чакаць? Адказвае эпідэміёлаг Ірына Бас
17.08.2020 - 11:28
14.08.2020 - 16:43
ЦВК зацвердзіла вынікі выбараў: Прэзідэнтам выбраны Аляксандр Лукашэнка