Рус Бел Eng 中文

Магілёўскі драматычны тэатр стаў ганаровым членам Міжнароднай лігі тэатраў «Шаўковы шлях»

Галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Саўлюс Варнас вярнуўся з Кітая, дзе прымаў удзел у 9-м Міжнародным кірмашы перфарматыўных мастацтваў у Гуанчжоу і 2-й штогадовай канферэнцыі Міжнароднай лігі тэатраў «Шаўковы шлях». Галоўным вынікам паездкі стала ўступленне нашага драмтэатра ў асацыяцыю «Шаўковы шлях», паведамілі карэспандэнту сайта ў адміністрацыі ўстановы культуры.

«Заяўку аб уступленні ў гэту арганізацыю тэатр падаў яшчэ летась, і цяпер ён афіцыйна прыняты ў яе ганаровыя члены, – заўважылі суразмоўцы. – Гэта дазволіць значна актывізаваць міжнароднае супрацоўніцтва праз сумесныя праекты ў галіне культуры і мастацтва. У прыватнасці, трупа зможа ўдзельнічаць у праграмах, майстар-класах прэстыжнай арганізацыі, праходзіць навучанне, а галоўнае – абменьвацца гастролямі з замежнымі калектывамі».

Дарэчы, раней у «Шаўковы шлях» уступілі толькі дзве ўстановы нашай краіны – Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы і Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета.

Выступаючы на міжнароднай канферэнцыі ў Гуанчжоу, Саўлюс Варнас прадставіў сваё бачанне задач і функцый мастацтва, у тым ліку драматычнага, у сучасным свеце. Рэжысёр адзначыў, што нельга недаацэньваць той магутны ўплыў, які тэатр аказвае на духоўны свет чалавека, і падкрэсліў, што ў Беларусі тэатральнае жыццё вельмі насычанае, прычым не толькі ў Мінску. У сталіцы і рэгіёнах працуе амаль тры дзясяткі тэатраў, што субсідуюцца з бюджэту, кожны з якіх дае сотні спектакляў штогод. У прыватнасці, Магілёўскі драматычны тэатр прадстаўляе каля 450 спектакляў у год, выпускаючы штогод ад 5 да 9 прэм’ер. Таксама ў Беларусі праходзяць цікавыя фестывалі.

На думку Саўлюса Варнаса, цалкам актуальнае пытанне аб арганізацыі Міжнароднага тэатральнага турызму, каб замежнікі маглі наведваць беларускія тэатры, знаёміцца з прэм’ерамі, бываць на тэатральных фестывалях. Турыстычным агенцтвам варта звярнуць увагу на гэтую нішу і пачаць супрацоўнічаць з айчыннымі тэатрамі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая