У Бабруйскай цэнтральнай бальніцы прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 25-годдзю выязной кансультацыйнай рэанімацыйнай педыятрычнай брыгады.

На юбілеі адбылася значная для аховы здароўя горада падзея – урачыстая перадача рэанімацыйнай брыгадзе новага рэанімабіля коштам Br250 тыс. Падарыла яго Бабруйску адкрытае акцыянернае таварыства «ААБ Беларусбанк».

«У нашым банку стала добрай традыцыяй аказваць дабрачынную спонсарскую дапамогу, – адзначыў начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення «ААБ Беларусбанк» Алег Казарэдаў. – Адзін з напрамкаў – праграма «Вектар дабрыні», дзе аказваем падтрымку ўстановам аховы здароўя, дамам-інтэрнатам. Гэта ўжо трэці рэанімабіль, які мы дарым. Да гэтага іх атрымалі Гродна і Магілёў. Упэўнены, з дапамогай гэтага цуда-аўтамабіля будзе выратавана не адно жыццё».


Несумненна, новы рэанімабіль патрэбны гораду для экстранай медыцынскай дапамогі. «Хачу выказаць словы падзякі «Беларусбанку», які вылучыў асігнаванні на набыццё рэанімабіля, неабходнага для аказання дапамогі дзецям, – сказаў галоўны ўрач Бабруйскай цэнтральнай бальніцы Уладзімір Гацко. – Перасоўная клініка на базе аўтамабіля «Рэно» мае сучаснае абсталяванне. Гэта інкубатар для нованароджаных, сістэма манітаравання, рэанімацыйныя наборы. Гэта значыць, брыгада можа аказваць дапамогу дзецям у складанай сітуацыі ў поўным аб’ёме».


З 25-годдзем выязной кансультатыўнай рэанімацыйнай педыятрычнай брыгады павіншаваў медыкаў старшыня Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў. Цёплыя словы падзякі выказаў на адрас медыцынскіх работнікаў кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Аляксандр Лісоўскі.

За шматгадовую добрасумленную працу, дасягненне высокіх паказчыкаў у працы, актыўную грамадскую дзейнасць і ў сувязі з 25-годдзем выязной кансультатыўнай рэанімацыйнай педыятрычнай брыгады Ганаровай граматай Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта былі ўзнагароджаны ўрач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі ўстановы аховы здароўя «Бабруйская гарадская дзіцячая бальніца» Мікалай Емяльянаў і медыцынская сястра аддзялення Жанна Колас; Ганаровай граматай адміністрацыі Ленінскага раёна – урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі ўстановы аховы здароўя «Бабруйская гарадская дзіцячая бальніца» Аляксандр Дзмітрук і старшая медыцынская сястра аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі гэтай бальніцы Вольга Сцепанян.


Выязная кансультацыйная рэанімацыйная педыятрычная брыгада была створана ў 1993 годзе на базе аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Бабруйскай інфекцыйнай бальніцы. У 2009 годзе брыгада ўвайшла ў склад аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Бабруйскай гарадской дзіцячай бальніцы. Цяпер яна аказвае дапамогу дзецям горада і пяці прылеглых раёнаў.


Па матэрыяле газеты «Бабруйскае жыццё»
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
03.08.2020 - 15:58
27.07.2020 - 16:01