Рус Бел Eng 中文

Больш за 1,5 тыс. сувеніраў вырабяць да Новага года ў Магілёўскім эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы

Больш за 1,5 тыс. сувеніраў вырабяць да Новага года навучэнцы асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Магілёўскім дзяржаўным эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжа. Пра гэта паведаміў дырэктар установы адукацыі Алег Бахановіч.

Майстраваць дзецям дапамагаюць вопытныя педагогі. Сімвалы 2018 года – пацешныя свінкі з каўпачкамі і чубкамі – нікога не пакінуць абыякавым: у іх укладзены не толькі гадзіны карпатлівай працы, але і цеплыня дзіцячых сэрцаў, адзначыў дырэктар каледжа.

Заказы на вырабы ўжо атрыманы ад шматлікіх прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў не толькі Магілёўскай вобласці, але і іншых рэгіёнаў Беларусі. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца вырабы і ў самім каледжы: чарга з выкладчыкаў і навучэнцаў на вырабы сфарміравалася яшчэ задоўга да таго, як пачаўся працэс стварэння. Такі своеасаблівы ажыятаж паўстаў нездарма. Сімвалы надыходзячага года ў ССНУ майструюць не першы год. Яны сталі своеасаблівай візітнай карткай установы адукацыі з больш чым 50-гадовай гісторыяй.

«Маленькія шэдэўры ствараліся з 2007 года па эскізах і лякалах майстра-самародка Марыі Рэпіч, – адзначыў Алег Бахановіч. – За гэты час 12 сімвалаў усходняга календара пасяліліся ў дамах звыш 1,5 тыс. удзельнікаў рэспубліканскіх і абласных алімпіяд па агульнаадукацыйных прадметах, прафесійных конкурсаў, каля 500 прадстаўнікоў розных узроўняў сістэмы адукацыі краіны, больш за 400 кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў Магілёўшчыны, членаў дэлегацый не менш за 20 краін і звыш 2 тыс. работнікаў, ветэранаў і навучэнцаў каледжа. Каля 700 чалавек з’яўляюцца шчаслівымі ўладальнікамі поўнай калекцыі, якая атрымала лагічнае завяршэнне ў 2018 годзе».

Практыка падрыхтоўкі сувенірнай прадукцыі, прымеркаванай да розных мерапрыемстваў, з’яўляецца для навучальнай установы традыцыйнай. Штогод выхаванцы ствараюць вырабы не толькі да святаў, конкурсаў, але і для ўручэння на афіцыйных прыёмах дэлегацый. У агульным вырабляецца звыш 1 тыс. найменняў вырабаў. Сярод іх – розныя фігуркі і статуэткі, карціны, пано, сурвэткі, ялінкі з саломкі, лялькі, плеценыя вянкі, кошыкі, календары і інш., прычым апошнія каледж выпускае ўжо 19-ы год. Аб якасці прадукцыі гаворыць запатрабаванасць: у ліку арганізацый, з якімі супрацоўнічае каледж, Нацыянальны банк, Вялікі тэатр оперы і балета, аблвыканкамы краіны, Беларуская чыгунка, ААТ «Магілёўхімвалакно» і інш. Прадаюцца вырабы і ў сувенірнай краме каледжа.

Сёння Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж рыхтуе кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў па 25 спецыяльнасцях, з іх 7 для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. На базе ўстановы адукацыі дзейнічае Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзе займаецца 115 дзяцей. За час працы цэнтра атрымалі дыпломы больш за 1 тыс. навучэнцаў з асаблівасцямі развіцця, амаль усе яны працуюць па спецыяльнасці. У мінулым годзе каледж скончыла 60 такіх выхаванцаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая