Рус Бел Eng 中文

У рэгіянальным адборы на конкурсы «Славянскага базару-2019» прынялі ўдзел 29 выканаўцаў з Магілёўскай вобласці

У Беларусі праходзіць першы этап адбору ўдзельнікаў Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2019» і Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск-2019». Старт быў дадзены 5 снежня ў Гродне, а сёння эстафету прымаў Магілёў. Праслухоўванне прэтэндэнтаў ад нашага рэгіёна адбылося ў абласным метадычным цэнтры культурна-народнай творчасці і асветнай працы, дзе працавала журы пад старшынствам заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Алены Ланской.

У адборачным туры прынялі ўдзел 18 дзяцей ва ўзросце ад 7 да 12 гадоў і 11 маладых артыстаў. Па ўмовах конкурсу яны выканалі па дзве эстрадныя кампазіцыі: песню беларускага аўтара на беларускай мове, песню па выбары ўдзельніка, якая найбольш ярка адлюстроўвае яго выканальніцкае майстэрства і артыстычныя здольнасці (для ўдзельнікаў дзіцячага музычнага конкурсу) і песню кампазітара славянскай краіны на адной са славянскіх моў або сусветны хіт, папулярную кампазіцыю на замежнай мове (для ўдзельнікаў конкурсу выканаўцаў эстраднай песні).

«Конкурс маладых выканаўцаў на «Славянскім базары» ў Віцебску – адзін з самых знакавых музычных мерапрыемстваў у нашай краіне, – адзначыла перад пачаткам адборачнага тура Алёна Ланская. – Удзельнік «Славянскага базару» павінен быць прафесійны, добра падрыхтаваны, а ў душы ў яго – ззяць сонца. Будзем ацэньваць канкурсантаў максімальна справядліва. У першую чаргу звяртаць увагу на прафесіяналізм і адпаведнасць песні патрабаванням палажэння аб фестывалі. Немалаважны і знешні выгляд удзельніка».

Алёна Ланская таксама падзялілася сакрэтам поспеху. «Трэба быць упэўненым у сваім матэрыяле, больш усміхацца і адкрываць сэрца, паколькі, калі выходзіш на сцэну, фібрамі душы і добрым настроем павінен зачапіць журы», – падкрэсліла яна.

Па выніках рэгіянальнага адбору на рэспубліканскі тур Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск – 2019» і Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск – 2019» вылучаюцца па пяць удзельнікаў. Ад Магілёўскай вобласці дзіцячае прадстаўніцтва ў сталіцы будзе такім: Злата Барздова, Ніколь Ясепкіна, Дар’я Гаўрусева, Анастасія Дзмітрачкова і Арына Пехцерава. З маладых выканаўцаў прайшлі ў наступны тур Валерыя Шапялевіч, Ганна Уразбаева, Дар’я Часлаўская, Аляксандра Раманоўская, Ірына Лешчанка.

Нашы прадстаўнікі разам з пераможцамі іншых рэгіёнаў прымуць удзел у нацыянальным адборы, які плануецца правесці да канца сакавіка.

У 2019 годзе «Славянскі базар у Віцебску» пройдзе з 11 па 15 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы форуму запланаваны на 9-10 і 16-17 ліпеня.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая