Сем ініцыятыў па стварэнні крэатыўных турпрадуктаў кластара «Край жыватворных крыніцы – новы стандарт якасці абслугоўвання ў сельскім турызме Магілёўскай вобласці» выйшлі на фінішную прамую, паведаміў намеснік старшыні Савета па развіцці аграэкатурызму ў Магілёўскай вобласці Сяргей Шышкін.
«На працягу 2018 года мы сур’ёзна прасунуліся ў тым, каб у мікракластарах, цэнтрамі якіх з’яўляюцца аграсядзібы вобласці, з’явіліся канкурэнтаздольныя і арыгінальныя турпрадукты, якія садзейнічаюць развіццю і эканамічнай эфектыўнасці працы кластара і больш цеснаму ўзаемадзеянню паміж яго ўдзельнікамі, у тым ліку па абслугоўванні і прывабліванні турыстаў», – адзначыў Сяргей Шышкін.
Паводле яго слоў, перш чым прыступіць да рэалізацыі сваіх задумак, удзельнікі мікракластараў спачатку прайшлі паўгадавы курс навучання і пазнаёміліся з вопытам рэалізацыі паспяховых ініцыятыў у Валожынскім раёне Мінскай вобласці. На другім этапе праекта быў абвешчаны конкурс ідэй новага турпрадукту. Найлепшыя ініцыятывы атрымалі праектную падтрымку, кансультацыі беларускіх і нямецкіх спецыялістаў у галіне развіцця турыстычнага бізнесу.
У ліку найбольш цікавых і перспектыўных ідэй – стварэнне ў аграсядзібе «Шэрая Шыйка» (Магілёўскі раён) спецыяльнай адкрытай зоны, дзе наведвальнікі могуць пазнаёміцца з хатнімі жывёламі бліжэй, нешта накшталт міні-кантактнага заапарка. У турыстаў з’явіцца магчымасць зрабіць сэлфі з фазанамі і паўлінамі, добрымі качкамі і мітуслівымі куранятамі, пакарміць авечак і баранаў і нават пагладзіць в’етнамскіх свіней.
У сядзібе «Фальварак «Лазенькі»» ствараецца экамузей «Магія керамікі», дзе госці змогуць даведацца пра гісторыю керамікі, асаблівасці ганчарства Прыдняпроўскага краю, а таксама сесці за ганчарны круг і пад кіраўніцтвам майстра стварыць выраб. Можна будзе набыць і сувеніры, у тым ліку з лагатыпам турыстычнага кластара КЖК. А вось у аграсядзібе «У сяброў» разам з традыцыйным сельскім рэлакс-турам плануюць дапамагчы наведвальнікам у засваенні новых актыўных відаў падарожжаў, напрыклад, на SUP-дошках і байдарках, прапануюць паназіраць за птушкамі і іншымі жывёламі ў прыродным асяроддзі.
Пяць мікракластараў і тураб’екты звяжуць зялёныя маршруты. А наведаць іх можна будзе ў межах двух- або трохдзённага аўтатура «Жывая вада», каардынатарам якога выступае «Фальварак «Лазенькі»».
Для аматараў велатурызму па праекце распрацаваны яшчэ два маршруты. У гэтым годзе яны працавалі ў тэставым рэжыме, а ў наступным сезоне будуць гатовыя для турыстаў разам з папулярнымі ўжо маршрутамі «Дняпроўская Рыўера» і «Стары паштовы тракт». Даведацца падрабязнасці аб кластары і вывучыць увесь спектр турпаслуг можна на сайце krynica.by.
Праект рэалізуецца па ініцыятыве абласнога грамадскага савета па развіцці аграэкатурызму ў Магілёўскай вобласці і пры садзейнічанні праграмы падтрымкі Беларусі федэральнага ўрада Германіі #ПраграмаПадтрымкіБеларусі. Афіцыйнымі партнёрамі выступаюць упраўленне спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама, нямецка-расійскае таварыства Вітэнберга, прадпрыемства «Магілёўаблтурыст» і велакрама «Ад вінта!».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 15:21
Школы Магілёўскай вобласці практычна гатовыя да новага навучальнага года
20.08.2020 - 08:52
18.08.2020 - 10:55
Блакітную крыніцу на Мядовы (Макавы) Спас наведалі тысячы паломнікаў з Беларусі, Украіны і Расіі
18.08.2020 - 09:48
17.08.2020 - 16:38
Забароны на наведванне лясоў дзейнічаюць у 5 раёнах Магілёўскай вобласці
17.08.2020 - 12:57
Падрыхтоўка да Дня пісьменства ў Бялынічах выйшла на фінішную прамую