Рус Бел Eng 中文

Каля 100 удзельнікаў збярэ ў Магілёве абласны фестываль творчасці інвалідаў «Разам мы зможам больш»

Каля 100 удзельнікаў збярэ 14 снежня ў Магілёве абласны фестываль творчасці інвалідаў «Разам мы зможам больш». Форум пачнецца ў 10.00 у абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы, паведамілі карэспандэнту сайта ва ўстанове культуры.

У фэсце прымуць удзел творчыя дэлегацыі з розных раёнаў Магілёўшчыны. У горад на Дняпры прыедуць калектывы мастацкай творчасці і індывідуальныя выканаўцы з ліку людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, якія прадстаўляюць абласныя арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку», «Беларускае таварыства глухіх», «Беларускае таварыства інвалідаў».

«Праграма фестывалю складзена блокамі, – удакладнілі суразмоўцы. – Кожнае з грамадскіх аб’яднанняў падрыхтавала канцэрт, падчас якога будуць дэманстравацца творчыя дасягненні ў розных намінацыях: вакальна-харавое, музычна-інструментальнае, харэаграфічнае, тэатральнае мастацтва, жэставыя спевы, арыгінальны жанр, буфанада, жанр пародый, бардаўская і літаратурная творчасць».

Усім удзельнікам фестывалю «Разам мы зможам больш» уручаць сертыфікаты і падарункі.

Форум праводзіцца з мэтай пошуку і падтрымкі адораных і таленавітых людзей з абмежаванымі магчымасцямі, садзейнічання забеспячэнню доступу да заняткаў творчай дзейнасцю, арганізацыі вольнага часу, павышэння мастацкага ўзроўню, выканальніцкага майстэрства і сцэнічнай культуры, выкарыстання магчымасцяў мастацка-творчых відаў дзейнасці ў агульнай сістэме комплекснай рэабілітацыі і інтэграцыі.

Арганізацыю і правядзенне фестывалю ажыццяўляюць галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама, абласныя арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку», «Беларускае таварыства глухіх», «Беларускае таварыства інвалідаў» і абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая