І дарослыя, і дзеці хочуць верыць у цуд, каб мары і жаданні спраўджваліся, а ў жыцці былі пераважна станоўчыя эмоцыі. Асабліва гэта неабходна тым, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Падтрымаць дзяцей, якія праходзяць лячэнне ў анкалагічным аддзяленні Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы, прыйшлі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».

У ролі Дзеда Мароза выступіў парламентарый Анатоль Хішчанка, якога ў кабінеце галоўнага ўрача пераапранулі ў касцюм галоўнага навагодняга персанажа і ўручылі вялікі мех з падарункамі. Да світы казачнага героя далучыліся галоўны ініцыятар мерапрыемства член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Вольга Петрашова, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык, партнёры і спонсары мерапрыемства, якія разам накіраваліся віншаваць дзяцей.



Святочнае дзейства разгарнулася ў гульнявым пакоі онкааддзялення каля прыбранай навагодняй прыгажуні, дзе гасцей з нецярпеннем чакалі дзеці, якія праходзяць тут лячэнне, і іх бацькі. Для дзятвы члены моладзевага парламента Магілёва падрыхтавалі канцэртную праграму са смешнымі гісторыямі, песнямі і танцамі. Асабліва спадабаўся дзятве творчы падарунак і сувеніры ад міжнароднага праекта «Звездочет».



У свет гульні, конкурсаў і інтэрактыўных зносін дзетак прывабілі вясёлыя клоўны. Разам з дзецьмі яны размалёўвалі навагоднюю ялінку, танцавалі, разгадвалі рэбусы, запускалі і лавілі мыльныя бурбалкі. З твару дзяцей ні на імгненне не схадзілі ўсмешкі і непадробная цікавасць да таго, што адбываецца. Забыліся на свае клопаты і бацькі, якіх таксама захапіла навагодняе свята.




«Такія святы, як і звычайная ўвага, вельмі патрэбныя дзецям. Я на самай справе адышла ад сваіх праблем, – дзеліцца ўражаннямі магіляўчанка Яўгенія Чамярычка. – Мой сын чацвёртакласнік Уладзіслаў нават забыўся, што знаходзіцца ў шпіталі. Ён актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх гульнях і конкурсах, весяліўся, як дома. Хацелася б, каб такіх мерапрыемстваў было як мага больш для нашых дзяцей, каб яны як мага радзей бывалі ў бальніцы, верылі ў цуды, былі здаровыя і шчаслівыя».

«Наш удзел у гэтай акцыі – маленькая частка таго, што мы можам зрабіць для гэтых хлопцаў, – адзначыла Вольга Петрашова. – Але гэта варта рабіць нават дзеля адной дзіцячай усмешкі, дзеля таго, каб гэтыя дзеці хутчэй паправіліся і вярнуліся дадому. А калі кожны з нас далучыцца да дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», то мы зможам зрабіць навакольны свет лепшым і дабрэйшым».


Фінальным акордам мерапрыемства, вядома, стала ўручэнне навагодніх падарункаў. Кіраўнік аддзела продажаў у Магілёве кампаніі «Альт-прадукт» Алена Алейнікава ўручыла дзецям прысмакі, а дэпутаты – гульні, цацкі, пісьмовыя і малявальныя прыналежнасці. «Для гэтых дзяцей, якія знаходзяцца ў нас на працяглым лячэнні, такія падарункі вельмі дарэчы, паколькі дапамогуць ім больш разнастайна праводзіць вольны час, займацца маляваннем і гуляць. Бо для хлопчыкаў і дзяўчынак важныя любыя станоўчыя эмоцыі, гэта ім дапамагае забыцца на хваробу, паверыць у сябе і хутчэй ачуняць», – сказаў галоўны ўрач абласной бальніцы Ігар Каско.


Дзеці, якія праходзяць лячэнне ў абласной дзіцячай бальніцы і яе падраздзяленнях у раёнах, да Каляд і Новага года падчас акцыі «Нашы дзеці»атрымаюць каля тысячы навагодніх падарункаў, а з імі ўвагу і станоўчыя эмоцыі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59