Рус Бел Eng 中文

Падтрымка асабістых падсобных гаспадарак, ліфты і басейн – Уладзімір Даманеўскі правёў прамую тэлефонную лінію

Больш за трэць пытанняў, якія паступілі падчас прамой тэлефоннай лініі старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміру Даманеўскаму, тычыліся працы ЖКГ.

У прыватнасці, былі закрануты тэмы ацяплення жылля, разлікаў за спажытую пітную ваду і электраэнергію, падачы гарачай вады, рамонту. Актуальным стала пытанне ўводу ліфтаў, перш за ўсё для жыхароў дома па вуліцы Маўчанскага, 77 у Магілёве. Старыя ліфты тут замянілі на новыя, а іх запуск увесь час адкладаецца на няпэўны тэрмін – а ў шматпавярхоўцы большасць жыхароў пенсіянеры. «Прадстаўнікам мясцовай улады неабходна сустрэцца з жыхарамі гэтага дома і растлумачыць сітуацыю, як і тое, што ў бюджэце знойдзены дадатковыя сродкі і праводзіцца вялікая праца па замене старых ліфтаў, мадэрнізацыі пад’ёмных механізмаў. Вядома, трэба разабрацца, з чым звязана затрымка запуску ліфтаў, і прыняць адпаведныя меры», – сказаў Уладзімір Даманеўскі.

З аналагічнай праблемай звярнуліся да кіраўніка вобласці і жыхары дома па вуліцы Дзмітрава, 22 у Асіповічах. Толькі ў іх замена ліфтавага абсталявання, якому 36 гадоў, пераносіцца на 2020 год. Губернатар даручыў разгледзець сітуацыю і ўключыць гэты дом у праграму на будучы год.

З праблемамі ў вядзенні асабістай падсобнай гаспадаркі ў вёсцы Іванаўка Касцюковіцкага раёна сутыкнулася Наталля Клюшнікава. Яе і іншых хвалюе пытанне выпасу жывёлы і нарыхтоўкі на зіму кармоў. Мясцовая гаспадарка, наводзячы парадак на зямлі, заворвае найбліжэйшыя пашы, і вяскоўцам у выніку няма дзе пасвіць кароў. А іх у Наталлі пяць, столькі ж цялят, яшчэ ёсць авечкі і трусы. «Людзей, якія працуюць на зямлі, забяспечваюць уласную занятасць, здаюць дзяржаве малако, цялят, мяса, мы павінны ўсяляк падтрымліваць, – падкрэсліў Уладзімір Даманеўскі. – Пытанне выдзялення зямлі знаходзіцца ў плоскасці мясцовых Саветаў, і яго можна рашыць проста па-чалавечы, пайшоўшы жанчыне насустрач».

У Кіраўску мясцовыя жыхары занепакоены ростам цэн у гарадской лазні. Колькасць наведвальнікаў знізілася, а гэта можа прывесці да закрыцця аб’екта. Яны прапанавалі рэканструяваць лазню і стварыць тут міні-басейн з дзвюма плавальнымі дарожкамі. Гэта дапаможа з загрузкай, дазволіць навучаць плаванню дзяцей. Аднак у райвыканкаме лічаць гэта немэтазгодным, паколькі патрэбны немалыя сродкі. У якасці альтэрнатывы старшыня аблвыканкама прапанаваў разгледзець магчымасць аднаўлення басейна ў дзіцячым садку ў суседняй вёсцы Мышкавічы СВК «Рассвет» і паабяцаў падтрымаць рэалізацыю гэтага сацыяльна значнага праекта. Паводле папярэдніх падлікаў, неабходна каля Вг150 тыс.

Усяго губернатару сёння датэлефанавалася 30 чалавек. У ліку іншых былі пытанні, якія тычацца забеспячэння лекамі, працы райбальніцы, выплаты камандзіровачных, дастаўкі пошты і магчымасці ўстаноўкі памятных знакаў Героям Савецкага Саюза. Усе яны ўзяты на кантроль адпаведнымі службамі, усе грамадзяне, якія звярнуліся, атрымаюць абгрунтаваныя адказы і тлумачэнні.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая