Тэлемарафон «Нашы дзеці» прайшоў у прамым эфіры канала «Беларусь 4. Магілёў» падчас дабрачыннага марафону «Сагрэем дзіцячыя сэрцы», які арганізуе абласное аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду.
Студыю тэлеканала за пяць гадзін марафону наведала больш за 60 чалавек. Да добрай справы падключыліся чыноўнікі, дэпутаты, прадстаўнікі працоўных калектываў, бізнесмены, грамадскасць, валанцёры. Усе яны падтрымалі ідэю дабрачыннай акцыі, ахвяравалі грошы на рахунак дзіцячага фонду, уручылі падарункі дзецям. Журналісты тэлерадыёкампаніі «Магілёў» падрыхтавалі відэасюжэты пра лёсы дзяцей, чыё здароўе і нават жыццё залежаць ад дапамогі добрых сэрцам людзей. Усе яны былі паказаны падчас тэлемарафону.
Прадстаўнікі гарадскога Савета прадпрымальнікаў бізнесмены Дзмітрый Крылоў і Юрый Шыдлоўскі вырашылі дапамагчы канкрэтнай сям’і і перадалі грашовы сертыфікат для набыцця Мілане Байковай спецыялізаванай калыскі. «Мы пастаянна падтрымліваем творчую моладзь, гарадскія спартыўныя спаборніцтвы і выступілі партнёрам стартап-форуму Mogilev Invest Day, які прайшоў сёння ў Магілёве, – адзначыў Юрый Шыдлоўскі. – Дзецям патрэбна ўвага і любоў. Яны самая неабароненая катэгорыя, ад укладу кожнага з нас залежыць іх дабрабыт. Мы спадзяёмся, што наш прыклад паслужыць для іншых кіраўніцтвам да дзеяння і пасільнага ўдзелу ў марафоне».
Прадстаўнікі Магілёўскай натарыяльнай акругі вядуць збор сродкаў і ўдзельнічаюць у арганізацыі навагодніх мерапрыемстваў для дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльных установах горада. «Мы таксама аказваем дапамогу дзятве пры падрыхтоўцы да школы, дзіцячых садкоў, узялі шэфства над гімназіяй №1, – раказала ў прамым эфіры натарыус Яніна Кавалёва. – Мы ўсе маці і выдатна разумеем, як важна падарыць часцінку любові і цяпла дзіцяці. Гэта можа зрабіць кожны з нас, і гэтым мы зможам зрабіць нашых дзяцей больш шчаслівымі».
У ліку надзейных партнёраў Беларускага дзіцячага фонду малочны холдынг «Бабушкина крынка». Працоўны калектыў прадпрыемства з’яўляецца пастаянным удзельнікам розных дабрачынных мерапрыемстваў і праектаў. «Мы стараемся заўсёды аказаць пасільную дапамогу. Для нас кожны крок у падтрымку дзяцей важны, – падкрэслівае намеснік гендырэктара Святлана Сташэўская. – Дапамагаючы дзецям, надаючы ім пільную ўвагу, мы ствараем нашу будучыню». Яшчэ адным укладам прадпрыемства стаў сертыфікат на Br3 тыс.
«Дапамога дзецям – гэта абавязак нас, дарослых. І цяпер, напярэдадні Калядаў і Новага года, яна набывае асаблівае значэнне, паколькі дорыць дзецям станоўчыя эмоцыі, дазваляе ім захаваць веру ў дабро і цуды, – адзначыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Петрашова. – Сёння парламентарыі ўжо прынялі ўдзел у добрай справе – зладзілі сумесна з моладзевым парламентам горада навагодняе свята для дзятвы, якая праходзіць лячэнне ў анкалагічным аддзяленні Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы, а таксама ўручылі ім падарункі». На тэлемарафон члены Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Вольга Петрашова і Анатоль Хішчанка прыйшлі таксама не з пустымі рукамі. Яны перадалі Магілёўскаму дому дзіцяці прысмакі, мяккія цацкі, гульні, пісьмовыя і малявальныя прыналежнасці.
«Тэлемарафон пераўзышоў усе нашы чаканні самым актыўным удзелам і падтрымкай жыхароў Магілёўскай вобласці, – адзначыла дырэктар абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Ірына Фісюк. – За пяць гадзін эфіру сабралі каля Br55 тыс. Столькі было за два месяцы марафону ў 2017 годзе. Мы ўдзячныя ўсім неабыякавым людзям за дапамогу, асабліва тэлеканалу «Беларусь 4» за разуменне і падтрымку. А наш дабрачынны праект працягваецца. У ім зможа прыняць удзел кожны, арганізаваўшы ўласную акцыю для дзяцей альбо пералічыўшы сродкі на дабрачынны рахунак Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду. Падвядзенне вынікаў акцыі «Сагрэем дзіцячыя сэрцы» адбудзецца падчас дабрачыннага балю, сродкі ад якога таксама будуць пералічаны на рахунак марафону».
Сёлета сабраныя падчас тэлемарафону ахвяраванні пойдуць на набыццё фізіятэрапеўтычнага абсталявання ў Вясноўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У Магілёўскі і Бабруйскі цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання набудуць спецыяльныя пад’ёмнікі для дзяцей-інвалідаў. Таксама будзе арганізавана адрасная дапамога дзецям, якія маюць патрэбу ў тэрміновай аперацыі, лячэнні або рэабілітацыі.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 15:35
19.08.2020 - 15:25
18.08.2020 - 20:45
У Магілёве прайшоў мітынг у падтрымку міру, бяспекі і спакою. Відэа
18.08.2020 - 14:02
COVIND-19 і другая хваля: калі чакаць? Адказвае эпідэміёлаг Ірына Бас
17.08.2020 - 11:28
14.08.2020 - 16:43
ЦВК зацвердзіла вынікі выбараў: Прэзідэнтам выбраны Аляксандр Лукашэнка