Рус Бел Eng 中文

«Бабруйскаграмаш» атрымаў чарговы сертыфікат ЕС на тэхніку

ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Бабруйскаграмаш»» атрымала чарговы сертыфікат на адпаведнасць сельгастэхнікі патрабаванням рэгламенту ЕЗ, паведамілі ў аддзеле маркетынгу прадпрыемства.

Пяты з пачатку бягучага года сертыфікат атрыманы на машыны для ўнясення цвёрдых арганічных угнаенняў МТТ-9, МТУ-15, МТУ-18 і іх мадыфікацыі. «Гэты дакумент не толькі пацвярджае адпаведнасць стандартам Еўрапейскага Саюза пяці тыпаразмераў машын, але і дае «зялёнае святло» на права іх рэалізацыі ў краіны Заходняй і Цэнтральнай Еўропы», – адзначылі на прадпрыемстве.

Работы па сертыфікацыі бабруйскіх сельгасмашын праводзіць ААТ «Цэнтр сертыфікацыі і тэставання» (г. Рыга, Латвія), акрэдытаванае латвійскім Нацыянальным бюро акрэдытацыі (LATAK) для правядзення зацвярджэння тыпу ЕС сельскагаспадарчых і лясных транспартных сродкаў у адпаведнасці з патрабаваннямі рэгламенту ЕС № 167/2013 і натыфікаванае ў ЕС як латвійскі орган для зацвярджэння тыпу трактарнай тэхнікі.

Да гэтага, з красавіка бягучага года, атрыманы сертыфікаты на чатыры групы машын: самазвальныя паўпрычэпы серыі ПСТ, самазвальныя прычэпы сямейства 2ПТС, рулонныя прэс-падборшчыкі серый ПР, ПРФ, ПРИ, а таксама машыны для ўнясення вадкіх арганічных угнаенняў МТЖ/МЖУ. Усяго на 17 снежня прадпрыемства атрымала сертыфікаты на 22 тыпапамеры прычапной сельскагаспадарчай тэхнікі.

«У далейшых планах правядзенне сертыфікацыі буйнатанажных самазвальных прычэпаў і машын для ўнясення мінеральных угнаенняў, прычапных здрабняльнікаў кармоў і кормараздатчыкаў для выкарыстання ў жывёлагадоўчых памяшканнях», – адзначылі ў ААТ.

Бабруйскае прадпрыемства створанае ў 1974 годзе. Акцыянаванае ў 2005-м, а ў 2012 годзе стала кіруючай кампаніяй холдынгу «Бабруйскаграмаш», які з’яўляецца сёння адным з найбуйнейшых у Беларусі і СНД вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі. Аснову вытворчай праграмы складае навясная і прычапная тэхніка для нарыхтоўкі і раздачы кармоў. Выпускаецца таксама тэхніка для ўнясення арганічных і мінеральных угнаенняў, раздзельнай рулоннай уборкі лёну, прычапная самазвальная тэхніка да трактароў розных класаў і інш.

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая