Рус Бел Eng 中文

У Магілёве адкрылі абласны цэнтр бяспекі жыццядзейнасці

У Магілёве сёння адкрылі абласны цэнтр бяспекі жыццядзейнасці. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Даманеўскі, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь–інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка, прадстаўнікі ЕС і ПРААН у Беларусі, БЕЛМЕД, кіраўніцтва МА УМНС, асабісты склад АПНС, перадае карэспандэнт сайта.

Размясціўся цэнтр па Пажарным завулку ў будынку старога пажарнага дэпо, рэканструкцыя якога вялася спецыялістамі ААТ «Будаўнічы трэст №12» з 2015 года. Дадзены аб’ект падзелены на два пускавыя комплексы: першы – цэнтр бяспекі, другі – пажарная аварыйна-выратавальная частка №4 Магілёўскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях, якую пасля здачы ў эксплуатацыю задзейнічаюць у ліквідацыі НС.

Праца з насельніцтвам у цэнтры будзе весціся па тэматычных блоках: пажарная бяспека; паводзіны на вадаёмах, у лесе, на дарозе, падчас навальніцы; аказанне першай дапамогі; бяспека пры эксплуатацыі электра- і газавага абсталявання; антыкрымінальны блок; радыяцыйная і ядзерная бяспека. Таксама тут маюць намер арганізоўваць мерапрыемствы з педагогамі ўстаноў адукацыі і бацькамі. Гэтая праца будзе накіравана на павышэнне якасці выхавання ў дзяцей культуры бяспекі жыццядзейнасці, рост узроўню бацькоўскага кантролю за бяспекай дзяцей.

У дзейнасці цэнтра асаблівая роля адводзіцца інавацыйным падыходам у навучанні. Так, плануецца выкарыстоўваць тэхналогіі дапоўненай рэальнасці, самыя новыя навучальныя і метадычныя матэрыялы.

Важнай асаблівасцю цэнтра з’яўляецца безбар’ернае асяроддзе, што дазволіць праводзіць заняткі з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі.

У рэалізацыі праекта прынялі актыўны ўдзел «Магілёўаблгаз», «Магілёўэнерга», галоўнае ўпраўленне па адукацыі і ўпраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама, а таксама праграма развіцця ААН з ініцыятывай «Абласны адукацыйны цэнтр бяспекі», якая выконваецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «БЕЛМЕД», што фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца агенцтвамі ААН у партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. Удзел праграмы развіцця ААН стаў магчымым пасля перамогі Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС у I конкурсе мясцовых ініцыятыў, накіраваных на прасоўванне здаровага ладу жыцця і прафілактыку неінфекцыйных захворванняў на мясцовым узроўні.

«Галоўная задача МНС – папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый, прычым прафілактыка стаіць на першым месцы, – адзначыў падчас адкрыцця Уладзімір Вашчанка. – А каб дамагчыся значных вынікаў у гэтым напрамку, трэба выдаткаваць нямала сіл і правесці вялікую працу. Нашы спецыялісты закліканы не толькі мець зносіны з насельніцтвам, асабліва дзецьмі, але і даваць практычныя, дзейсныя навыкі. Цэнтр бяспекі абавязкова паспрыяе добрай падрыхтоўцы нашых грамадзян да правільных паводзінаў у небяспечных сітуацыях».

У сваю чаргу Уладзімір Даманеўскі падкрэсліў, што такія адукацыйныя ўстановы функцыянальна карысныя і важныя, паколькі бяспека людзей і абарона іх здароўя – адна з найважнейшых функцый дзяржавы і дзяржструктур. Як паказвае практыка, заўчасная смерць грамадзян ад знешніх прычын значная і самае страшнае, калі пакутуюць дзеці. «Пачынаеш разбірацца ў гэтых выпадках – гібелі на пажарах, вадзе, і высвятляецца, што ў аснове часта ляжыць бестурботнасць, няведанне, як паводзіць сябе ў экстранай сітуацыі, – сказаў кіраўнік рэгіёна. – Цэнтр будзе тым месцам, дзе людзі розных узростаў змогуць на практыцы вучыцца асновам бяспекі і папаўняць свае веды, каб спакойна і ўпэўнена адчуваць сябе ў любых надзвычайных абставінах».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая