Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці пачаў дзейнічаць ўзмоцнены рэжым аховы лясоў

У Магілёўскай вобласці пачаў дзейнічаць ўзмоцнены рэжым аховы лясоў. Пра гэта паведамілі ў дзяржаўным вытворчым лесагаспадарчым аб’яднанні.

«З набліжэннем калядных і навагодніх святаў павялічваецца колькасць выпадкаў незаконнай вырубкі елак і соснаў, – адзначылі суразмоўцы. – У сувязі з гэтым узмоцнена ахова лясных насаджэнняў з наяўнасцю іглічных маладнякоў, участкаў лясных культур».

Аператыўныя рэйдавыя мерапрыемствы будуць праводзіцца дзяржаўнай лясной аховай сумесна з інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету, прадстаўнікамі Мінпрыроды, МУС і іншых кантралюючых органаў. Для спынення незаконных высечак прыменяць сродкі фота- і відэафіксацыі.

Для праверкі дакументаў на права правозу навагодніх дрэў з сённяшняга дня на аўтадарогах рэгіёна арганізаваны сумесныя з ДАІ пасты.

У Магілёўскім дзяржаўным вытворчым лесагаспадарчым аб’яднанні нагадалі, што перавозка навагодніх дрэў без дазвольных дакументаў забаронена. За незаконную рубку або пашкоджанае да ступені спынення росту навагодняе дрэва накладаецца штраф у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь на фізічную асобу, на ІП – ад 20 да 200 БВ, на юрыдычную асобу – ад 50 да 300 БВ.

Тыя ж супрацьпраўныя дзеянні, учыненыя ў эксплуатацыйных лясах, цягнуць накладанне штрафу ў памеры да 30 БВ на фізасобу, на ІП – ад 10 да 150 БВ, на юрыдычную асобу – ад 20 да 200 БВ. Акрамя таго, з парушальніка спаганяецца шкода, нанесеная лясам і аб’ектам расліннага свету.

Грамадзяне, якія сталі сведкамі незаконнай высечкі дрэў, могуць паведаміць пра гэта ў Магілёўскае лесагаспадарчае аб’яднанне па тэлефоне ў Магілёве (8-0222) 32-74-26, 28-74-57 або на e-mail mplxo@tut.by.

Нагадаем, што з 21 снежня ў рэгіёне адкрываюцца ёлачныя кірмашы. Тут можна будзе набыць зялёную прыгажуню па прымальных цэнах. Напрыклад, Магілёўскі лясгас прапануе купіць навагодні букет за Br3,20, навагодняе дрэва да 1м абыдзецца ў Br6,60, да 2м – Br8,76,да 3м – Br18,18. Жадаючым могуць прывезці елачку вышынёй ад 3м да 30м. Кошт складзе ад Br25,44 да Br157,08. Дрэвы больш за 30 м будуць каштаваць Br180,60.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая