Міністэрства аховы здароўя павялічыла час прыёму ўрачамі агульнай практыкі. Гэта прадугледжана пастановай ад 17 снежня 2018 года №95, паведамілі ў прэс-службе ведамства.
Спецыялістам, якія абслугоўваюць дарослае і дзіцячае насельніцтва, на першасны прыём будзе адведзена 20 хвілін (раней 15 хвілін), прафілактычны агляд у выдзеленыя дні або гадзіны (у паліклініцы і на выездах) – 15 хвілін (раней 10 хвілін). Урачам агульнай практыкі, якія абслугоўваюць дарослае насельніцтва, адвялі на першасны прыём 18 хвілін, прафілактычны агляд – 13 хвілін.
Змена нормаў часу для ўрача агульнай практыкі абумоўлена пашырэннем кола абавязкаў, а таксама больш шырокім узроўнем ведаў, уменняў і навыкаў у параўнанні з участковым тэрапеўтам. Гэтыя спецыялісты аказваюць меддапамогу ў галіне тэрапіі, неўралогіі, атарыналарынгалогіі, афтальмалогіі, акушэрства і гінекалогіі, хірургіі, эндакрыналогіі і іншых галінах ва ўмовах гарадскога населенага пункта пры абслугоўванні дарослага насельніцтва, а таксама ў галіне педыятрыі ў сельскіх населеных пунктах.
Пры гэтым канкрэтныя нормы часу абслугоўвання насельніцтва, у тым ліку дома, для ўрачоў агульнай практыкі дзяржарганізацый (падраздзяленняў) аховы здароўя, якія аказваюць амбулаторна-паліклінічную дапамогу, устанаўліваюцца, замяняюцца, пераглядаюцца наймальнікам з удзелам прафсаюза на падставе хронаметражу працоўнага часу і ўмоў працы.
Адначасова з увядзеннем у штатныя расклады пасад урачоў агульнай практыкі ва ўстановах аховы здароўя павінны з’явіцца памочнікі ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе і медыцынскія сестры агульнай практыкі. Адначасова пастановай №95 вызначана, што нормы часу, прадугледжаныя на кансультацыйныя наведванні ў гарадской (раённай) паліклініцы, у абласной, рэспубліканскай арганізацыі аховы здароўя прымяняюцца таксама для дыстанцыйных кансультацый, што выконваюцца з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Гэтая норма будзе спрыяць развіццю тэлемедыцынскіх кансультацый і стварэнню электроннай аховы здароўя ў Беларусі.
Пастанова ўступае ў сілу 1 студзеня 2019 года.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
03.08.2020 - 15:58
27.07.2020 - 16:01