У суботу, 18 красавіка 2020 года, «прамую тэлефонную лінію» правёў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Барысавіч Страхар.
Самымі актуальнымі на гэты раз з’яўляліся пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі (эксплуатацыя і рамонт жыллёвага фонду, сеткі каналізацыі, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый), працы і занятасці насельніцтва (налічэнне і выплата заработнай платы работнікам будаўнічай сферы і медыцынскіх устаноў).
Так, жыхарка г. Чэрыкава звярнулася па пытанні правядзення работ па капітальным рамонце жылога дома № 5 па вул. Калініна, у якім, на думку заяўніцы, работы праводзяцца няякасна.
Магіляўчанка тэлефанавала з просьбай азеляніць дваровую тэрыторыю жылога дома № 8 па вул. Касманаўтаў.
Жыхар г. Магілёва звярнуўся па дапамогу ў арганізацыі догляду магілы загінулага сваяка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, паколькі сам знаходзіцца ў старэчым узросце.
Мужчына з Чавускага раёна паведаміў аб узніклай праблеме пры здачы дзяржаве сельгаспрадукцыі – малака.
Два магілёўцы паведамілі аб парушэнні тэрмінаў выплаты заработнай платы ў адной з будаўнічых арганізацый.
Жыхарка аграгарадка Буйнічы Магілёўскага раёна папрасіла разгледзець пытанне аб адкрыцці аптэкі ў іх населеным пункце.
Некаторым грамадзянам былі дадзены тлумачэнні непасрэдна ў ходзе правядзення прамой тэлефоннай лініі.
Звароты, паводле якіх патрабуецца дадатковае вывучэнне, знаходзяцца на кантролі ў аблвыканкаме, па выніках іх разгляду грамадзянам будуць накіраваныя пісьмовыя адказы на іх звароты.
Адначасова на прамыя тэлефонныя лініі гаррайвыканкамаў у гэты дзень ад грамадзян паступіла 53 звароты па пытаннях жыллёва-камунальнай сферы, працы, занятасці і сацыяльнай абароны, аховы здароўя, гандлю, сацыяльнага і пенсійнага забеспячэння.