Пошукавая група «Быхаўскі рубеж» – структурнае падраздзяленне грамадскага аб’яднання «Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру» – зарэгістраваная Быхаўскім раённым выканаўчым камітэтам і вядзе сваю працу на базе ДУК “Быхаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей”.
Штогод члены пошукавай групы выязджаюць на месцы былых баёў з мэтай пошуку няўлічаных воінскіх пахаванняў на тэрыторыі Быхаўскага раёна. У выніку праведзеных пошукавых работ, апытання мясцовых жыхароў, вывучэння матэрыялаў сайта АБД «Мемарыял» пошукавікі знаходзяць і адпрацоўваюць невядомыя раней воінскія пахаванні. Усе мерапрыемствы ўзгадняюцца з раённымі ўладамі: аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Быхаўскага райвыканкама, прадстаўнікамі Быхаўскага ваенкамата, сельскіх саветаў. Паводле вынікаў выездаў складаюцца інфармацыйныя лісты, праводзіцца фотафіксацыя аб’ектаў. Пасля пры ўдзеле разлікаў 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны РБ на месцах няўлічаных воінскіх пахаванняў праводзяцца раскопкі. У складзе пошукавай групы працуюць два прафесійныя археолагі.
За час існавання групы яе ўдзельнікамі на тэрыторыі Быхаўскага раёна было выяўлена і лакалізавана больш за 40 невядомых вайсковых пахаванняў, выяўлены і сумесна з 52-м ОСПБ Міністэрства абароны РБ падняты і ўрачыста перапахаваны астанкі 126 салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі, з іх устаноўлены імёны дзевяці воінаў.
У ходзе экспедыцый пашукавікі рэгулярна папаўняюць музейнымі прадметамі фонды ДУК “Быхаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей”.
Падтрымліваецца сувязь і вядзецца актыўная перапіска са сваякамі салдат, якія загінулі ў 1941 годзе пры абароне Быхаўскага раёна. На электронны адрас пошукавай групы за час яе працы прыйшло больш за 350 лістоў, ні адно не засталося па-за ўвагай.
Кіраўнік групы – Жыжыян Сяргей Піліпавіч.
Адрас групы: 213352, г. Быхаў, вул. Леніна, 40, Быхаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, пошукавая група «Быхаўскі рубеж».
Тэлефон: +375 2231 58558
Афіцыйны сайт: byhov.museum.by
E-mail: bychov-museum@yandex.by; bychov-museum-dir@yandex.by
