Былы магілёўскі настаўнік Уладзімір Аладзьеў убачыў у славутым палітруку свайго бацьку
Гэты здымак ваенных часоў, дзе палітрук падымае ў бой салдат, Уладзімір Аладзьеў бачыў і раней. Але калі на вочы трапіў аповед пра гэтага героя, як агнём апякло: «Дык гэта ж пра майго бацьку — Рамана Паўлавіча Аладзьева!»
— Доўгі час пра героя на здымку амаль нічога не было вядома, а тут пра яго расказалі сваякі з Украіны, — тлумачыць наш чытач. — Глядзеў і не верыў сваім вачам. У малодшага палітрука Аляксея Яроменкі з фота і майго бацькі — адзін лёс на дваіх. Абодва працавалі ў сельскай гаспадарцы, абодва з першых дзён вайны абаранялі Радзіму, абодва былі палітрукамі. У іх нават адзін год нараджэння — 1906.

Уладзімір Аладзьеў кажа, што бацька заўсёды быў прыкладам для яго і двух старэйшых братоў. Ён нарадзіўся ў працавітай сям’і ў вёсцы Падкняжанне Александрыйскага сельсавета Шклоўскага раёна. З дзяцінства дапамагаў бацьку па гаспадарцы, рана спазнаў нялёгкую працу хлебароба. Калі ў 30-я гады ў вёсцы заснавалі першы калгас, землякі аднагалосна абралі яго старшынёй. Маўляў, чалавек пісьменны, 7 класаў скончыў. А галоўнае, працаваць умее і з людзьмі заўсёды агульную мову можа знайсці. А паколькі калгасы справай былі новай, шукалі чалавека, які б мог неяк пераканаць насельніцтва, што агульнае не так ужо і дрэнна. Дзеля гэтага не шкада прынесці ў ахвяру асабістае. На жаль, не кожны мог з лёгкім сэрцам расстацца з тым, што яшчэ ўчора належала аднаму яму. Прыходзілася шукаць нейкія пераканаўчыя аргументы. І старшыня знаходзіў. Праўда, аднойчы, калі яго выклікалі ў райкам партыі, жыхары хуценька разабралі кароў па дамах. Кіраўнік вярнуўся, а гаспадаркі няма. Прыйшлося зноў пачынаць з нуля. А раённае кіраўніцтва зрабіла яму вымову за «палітычную блізарукасць».
Здараліся і выпадковыя канфузы. Захавалася сямейная гісторыя пра тое, як аднойчы вясковыя «грамацеі» ледзь не падвялі свайго калгаснага старшыню пад трыбунал. На лозунгу замест «Разгорнем ударніцкі фронт» напісалі памылкова правакацыйнае «Разгонім ударніцкі фронт». Добра яшчэ, што Раман Аладзьеў своечасова ўбачыў памылку, і яе выправілі.
Да вайны старшыня калгаса паспеў уступіць у шэрагі партыі і скончыць партшколу. Працаваў старшынёй сельсавета, інструктарам Круглянскага райкама партыі. Адтуль, дарэчы, і пайшоў на фронт палітруком роты стралковай дывізіі. І таксама самааддана, як дагэтуль, агітаваў народ уступаць у калгасы і працаваць на карысць дзяржавы, пачаў ваяваць. Пад Масквой, калі загінуў камандзір роты, Раман Аладзьеў падымаў у атаку байцоў. Як легендарны Аляксей Яроменка на здымку.
— У тым баі пад Нарафамінскам бацька быў паранены і трапіў у шпіталь, — расказвае Уладзімір Аладзьеў. — Пасля зноў стаў у строй і дайшоў да Эстоніі. Там нават у Дзень Перамогі працягваліся жорсткія баі па разгроме Курляндскай групоўкі ворага. Дадому гвардыі маёр Раман Аладзьеў вярнуўся ў 1946 годзе. На яго кіцелі блішчэлі ордэны Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I і II ступеняў, медалі за абарону Масквы і Перамогу над Германіяй.
Пасля вайны былы франтавік падымаў народную гаспадарку, працаваў на розных партыйных пасадах. Калі міністр сельскай гаспадаркі БССР Сяргей Сікорскі накіроўваў яго ў Астравецкі раён (тады яшчэ Маладзечанскай вобласці) на пасаду намесніка начальніка палітаддзела Варанянскай МТС, Аладзьеў выказаў гатоўнасць узяць на сябе і большую адказнасць. Міністр крытычна глянуў на яго і… даў «дабро» ўзначаліць палітаддзел. У пачатку 50-х Аладзьеў у ліку лепшых работнікаў узорнай па ўсіх паказчыках МТС пабываў на ВДНГ у Маскве. Са сталіцы ён прывёз жонцы Марыі Адамаўне прыгожую хустку і кашулю, а дзецям шакаладныя цукеркі. Іх смак Уладзімір Раманавіч згадвае дагэтуль.
Некаторы час былы палітрук працаваў у легендарным калгасе Магілёўшчыны «Зара». Аднойчы тут адбыўся страшны пажар, па недаглядзе вартаўніка згарэла цэлая ферма разам з каровамі. Гэта пакінула цяжкі адбітак на яго душы. Сын успамінае, што доўгі час слова «пажар» выклікала ў бацькі сапраўдны жах. У вёсцы, дзе яны тады жылі, па суседстве быў клуб — там па вечарах круцілі кіно. Дзеці чакалі моманту, калі ў вокнах запаляць святло, каб бегчы хутчэй са сваімі зэдлікамі на кінапрагляд. Аднойчы чаканне зацягнулася аж да 11-й гадзіны вечара. Нарэшце з акна свайго дома браты ўбачылі, што ў клубе ўключылі свет і радасна закрычалі: «Гарыць!» Бацька, як укушаны, падхапіўся з ложка і з крыкам: «Дзе гарыць?» кінуўся да дзвярэй. Сыны ледзь паспелі яго перахапіць, каб не пабег шукаць, каго ратаваць.
— Ён ніколі не жыў напаўсілы, гатовы быў усяго сябе аддаць за справу, — кажа Уладзімір Раманавіч.
Каб аддаць даніну павагі свайму бацьку, ён стварыў радаслоўную, дзе перапісаў продкаў аж да шостага калена. Асобна вылучыў заслугі сваіх бацькоў, якія выхавалі трох сыноў сапраўднымі патрыётамі. Старэйшы Мікалай за сваю самаадданую працу быў адзначаны працоўнымі ўзнагародамі і ганаровым званнем «Ударнік камуністычнай працы». Сярэдні Георгій пайшоў па бацькоўскіх слядах у сельскую гаспадарку, працаваў галоўным аграномам, на розных пасадах у Магілёўскім аблвыканкаме. Пра сябе Уладзімір Раманавіч сціпла адзначыў: «Працаваў пасля педінстытута настаўнікам біялогіі і хіміі. Імкнуўся сеяць разумнае, добрае, вечнае».
Аднойчы, пачуўшы пра конкурс «Зазірніце ў сямейны альбом», які праводзіла Цэнтральная гарадская бібліятэка Магілёва імя К.Маркса, зрабіў фотакалаж у гонар свайго бацькі. Тыя фотаздымкі на стэндзе з гераічным надпісам «Лёс чалавека — у лёсе Магілёўшчыны» ўбачылі шмат магіляўчан.
— Бацька вельмі ганарыўся тым, што быў камуністам, — кажа яго сын. — Цяпер моладзь скептычна ставіцца да гэтага слова. Але сэнс не ў слове, а ў тым, як чалавек ставіўся да справы. А за сваю біяграфію ні яму, ні яго дзецям сорамна ніколі не было. Першым заўсёды цяжка, але гэта яго не пужала. І ў нашай з братамі памяці ён застаўся ўзорам, як трэба жыць і працаваць.
Нэлі Зігуля,“Звязда”
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
19.08.2020 - 10:24
Летопись первой глусской школы в проекте «Как здесь учились и учили»
13.08.2020 - 14:57
29.07.2020 - 12:12